Квір-актывісты: бел-чырвона-белы належыць нам гэтак жа, як і іншым беларусам

БЧБ на прайдзе выклікала шмат спрэчак

БЧБ на прайдзе выклікала шмат спрэчак / euroradio.fm

Некалькі дзён у сацсетках не сціхаюць спрэчкі пра выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга на Прайдах роўнасці. Даходзіць і да пагроз: іх ужо атрымалі беларусы і беларускі, якія ўдзельнічалі ў парадах у Вільні і Уроцлаве.

Еўрарадыё папрасіла прадстаўнікоў ініцыятывы “Прызматыка” пракаментаваць сітуацыю.

– Нам вельмі істотна падкрэсліць: нацыянальныя сімвалы, уключна з бел-чырвона-белымі сцягамі, належаць нам гэтак жа, як і ўсім іншым беларусам/кам. Мы маем поўнае права выкарыстоўваць іх, бо гэта частка нашай ідэнтычнасці, гісторыі і імкнення да свабоды.

Суразмоўцы дадаюць: “На прайдах гэтыя сцягі з’яўляюцца мірным знакам салідарнасці і самавызначэння”.

– Асабліва крытычна, калі ўдзельнікам прайдаў пагражаюць расправай за выкарыстанне нацыянальных сцягоў. Гэта не толькі парушае права на мірныя сходы, але і стварае небяспечны клімат страху для ўсіх, хто змагаецца за свае правы. Таму пагрозы і гвалт у адказ на іх выкарыстанне — недапушчальныя.

Квір-актывісты: бел-чырвона-белы належыць нам гэтак жа, як і іншым беларусам
БЧБ на прайдзе ў Вільні / "Наша Ніва"

Свабоды з дыскрымінацыяй не бывае

Квір-людзей у Беларусі таксама пераследуюць, нагадваюць у ініцыятыве “Прызматыка”.

Мы сутыкаемся з рэпрэсіямі, дыскрымінацыяй і пагрозамі, і гэта становішча пагаршаецца ў сувязі з падрыхтоўкай новых абмежавальных законапраектаў — пра так званую “прапаганду” і пра змены ў заканадаўства аб правах дзіцяці. Квір-людзей арыштуюць проста за тое, што яны квір-людзі.

Яшчэ адна праблема: немагчыма адкрыта выказваць салідарнасць з палітвязнямі – прадстаўнікамі ЛГБТК+ супольнасці. Гэта можа пагоршыць стаўленне да іх у калоніях і падвергнуць іх дадатковая рызыцы здзекаў і катаванняў толькі на падставе іх ідэнтычнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.