Антывясёлкавы "джыхад": як Казахстан змагаецца з "прапагандай ЛГБТК+"
Дзяўчына ў нацыянальным казахстанскім cтроі са сцягам ЛГБТК+ / Бок о бок
Казахстан без пяці хвілін — сябра "клуба" анты-ЛГБТ краін. Мажыліс Парламента аднагалосна ўхваліў папраўкі, якія ўключаюць забарону "ЛГБТ-прапаганды". Сюды ж праз саюз "і" маніпулятыўна ўключаная прапаганда педафіліі, якая з'яўляецца нелегальнай практычна ва ўсім свеце.
Змены закрануць дзевяць законаў. Папраўкі прадугледжваюць штрафы або пакаранне да 10 сутак адміністрацыйнага арышту за паўторнае парушэнне.
Далей Сенат і прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў, якія наўрад ці адмовяцца ад спакусы быць у модным аўтарытарным трэндзе — "абароне традыцыйных каштоўнасцяў", зацвердзяць папраўкі ў тым ці іншым выглядзе. Відавочна, што адмовіўшыся ад дэмакратычных рэформ і падаўляючы іншадумства, улады ў Казахстане плануюць вырашыць адразу некалькі складаных пытанняў, звязаных з пагаршэннем эканомікі, піша казахстанскае выданне Factcheck.
Такаеў апошнім часам, верагодна, рыхтаваў глебу, некалькі разоў выказваючыся пра "традыцыйныя каштоўнасці". У тым ліку ў даволі сервільным звароце да Дональда Трампа, назваўшы таго "вялікім лідарам, пасланым звыш, каб вярнуць здаровы сэнс і традыцыі, якія мы ўсе падзяляем і цэнім".
"Нас аб'ядноўвае агульнае ўспрыманне традыцыйных каштоўнасцяў", — так, у прыватнасці, Такаеў звярнуўся і да расійскай аўдыторыі ў сваім артыкуле "Вечная дружба — пуцяводная зорка для нашых народаў" у "Российской газете" ад 11 снежня.
Навошта Казахстану ўступаць у "клуб" (зноўку)
У такіх аўтарытарных краін, як Казахстан, мала аргументаў супраць дэмакратыі. У дэмакратыях (у асноўным заходніх) жыццё больш якаснае ва ўсіх аспектах. Менавіта туды з'язджаюць таленавітыя, там купляюць нерухомасць багатыя, у тым ліку чыноўнікі, і яны адпраўляюць туды вучыцца сваіх дзяцей. Але намаганнямі прапаганды, асабліва расійскай, дэмакратыя чамусьці ўключыла ў сябе разам з сумленнымі выбарамі ў абавязковым парадку яшчэ "гей-парады і прапаганду ЛГБТ".
І гэты аргумент супраць дэмакратыі — козыр, які б'е ўсе астатнія карты ў масавай мэйнстрым-свядомасці. Асабліва для постсавецкіх грамадстваў, якія прадстаўляюць сябе як кампілятыўны мікс з рэлігійнай, кансерватыўнай, канс'юмерысцкай публікі, што настальгуе па саўку і мітусіцца ў пошуках ідэнтычнасці. Любыя парушэнні на выбарах, любыя адыёзныя законы і прыгнёт можна апраўдаць абаронай дзяцей ад ЛГБТ.
"Джыхад" супраць ЛГБТ, абвешчаны постсавецкімі аўтарытарнымі рэжымамі, дапамагае аб'яднаць усе гэтыя сегменты грамадства. Па сутнасці, адзіны сегмент, які выпадае з гэтага спісу, — моладзь і казахстанцы сярэдняга ўзросту з ліберальнымі поглядамі, часта апазіцыйнымі, супраць якіх улада вырашыла мабілізаваць большасць, у вачах якой яна хоча легітымізавацца.
ЛГБТ — гэта адначасова і страшылка, і зручны, бяспечны вораг, на якога заўсёды можна скіраваць гнеў грамадства, незадаволенага эканамічнымі і палітычнымі праблемамі.
Узмацненне анты-ЛГБТ рыторыкі і прыняцце такіх законаў таксама дазволіць уладам ствараць ілюзію актыўнасці і рэформ. Уся наступная дзейнасць, якая ўключыць грамадскае пільнаванне за мараллю, цэнзураванне кантэнту, абмеркаванне скаргаў на той ці іншы фільм, артыкул, кнігу або нават знешні выгляд, будуць кампенсаваць адсутнасць рэальных рэформ, у тым ліку палітычных, і, зразумела, адцягваць грамадскую ўвагу ад рэальных жа праблем.
Верагодней за ўсё, эканоміку Казахстана чакаюць сур'ёзныя выпрабаванні. Маючы вялікую агульную мяжу з Расіяй, Казахстан адчувае ўвесь набор расійскіх праблем — ад дэвальвацыі і інфляцыі да дэфіцыту паліва.
Калі бегла аналізаваць "клуб" анты-ЛГБТ краін, куды ўваходзяць каля 60 дзяржаў, можна адзначыць характэрнае — у асноўным гэта манархіі і аўтарытарныя рэжымы.
Тут ёсць радыкальная група, дзе аднаполыя адносіны крымінальна пераследуюцца аж да смяротнага пакарання (Іран, Бруней, Катар, Саудаўская Аравія, Емен, Уганда і інш.).
Асобна стаіць група былога савецкага блока (Расія, Венгрыя, Балгарыя, Грузія, Кыргызстан), дзе забароненая "прапаганда" [у Беларусі — сярод непаўнагадовых. — Рэд.], то бок кантэнт са згадваннем ЛГБТ, але не адносін (якія, зрэшты, безумоўна асуджаюцца). Тут платформай з'яўляюцца тыя самыя "традыцыйныя каштоўнасці" — шырокае паняцце, якое, мяркуючы па ўсім, уключае гетэрасексуальныя адносіны, інстытут шлюбу, патрыярхальнасць, кансерватызм і нават умерана рэлігію.
Дарэчы, Казахстан у свой час выйшаў з гэтага "клуба" ў 1997 годзе, прыбраўшы з Крымінальнага кодэкса савецкі артыкул "Мужаложства", а з 2009 года заканадаўча дазволіўшы трансгендарны пераход.
Што такое традыцыйныя каштоўнасці, і наколькі эксклюзіўныя законы, якія іх засцерагаюць
Законапраект, які абараняе "традыцыйныя каштоўнасці", выклікаў крытыку ў Казахстане з боку экспертаў і праваабаронцаў. Многія адзначаюць яго падабенства з законамі ў Расіі, якія затым з'явіліся ў іншых краінах-сатэлітах — Грузіі і Кыргызстане.
Дэпутат Мажыліса Жанарбек Ашымжанаў не згодны: "Знаходжанне пэўных падабенстваў з замежным заканадаўствам — натуральная рэакцыя экспертаў. Аднак папраўкі, што ўносяцца намі, не з'яўляюцца простым капіяваннем чыйго-небудзь вопыту. Казахстан прымае самастойныя рашэнні, зыходзячы са сваіх нацыянальных асаблівасцяў, прававой сістэмы, грамадскага запыту і міжнародных абавязальніцтваў".
Гэтыя нормы, паводле яго слоў, распрацаваныя на аснове грамадскіх абмеркаванняў, сацыялагічных даследаванняў і прапаноў ўпаўнаважаных органаў.
Запрошаны вучоны (PhD) у Тартускім універсітэце Эстоніі Еркебулан Сайрамбаеў, наадварот, мяркуе, што Казахстан у дадзеным выпадку прытрымліваецца расійскай заканадаўчай мадэлі, і "капіяванне законаў Расіі Казахстанам наносіць вялікі ўрон дэкаланізацыі і аддзяленню ад Расіі".
Палітолаг Дзімаш Альжанаў таксама ўпэўнены, што Казахстан дзейнічае ў межах ужо сфармаванага Крамлём наратыву, які выкарыстаў уяўную пагрозу для мабілізацыі расійскага грамадства ў супрацьстаянні з заходнімі дэмакратыямі.
"Не толькі Казахстан, але і іншыя аўтарытарныя рэжымы дзейнічаюць падобным чынам, а менавіта — узмацняюць кантроль над грамадствам, ствараючы фікцыю знешняй пагрозы і маніпулюючы страхамі звычайных людзей", — кажа ён.
Гэта ж адзначае і праваабаронца Яўген Жоўціс — вайна з "прапагандай ЛГБТ" звязаная з мабілізацыяй грамадства вакол якой-небудзь тэмы, "палітычныя тэхналогіі ў чыстым выглядзе".
Выразнага вызначэння межаў панятку "традыцыйныя каштоўнасці" няма. Гэта дыскрэцыйнае права — гнуткае, суб'ектыўнае, якое дазваляе ўжываць яго выбарча. Але ўмоўна, калі ўлічыць, што гэтыя каштоўнасці супрацьпастаўляюцца "нетрадыцыйным", ініцыятары такіх законаў разумеюць пад імі, хутчэй за ўсё, выключна "гетэрасексуальныя адносіны", інстытут сям'і з выразным падзелам роляў, прыярытэт дзетараджэння, магчыма, патрыярхальны ўклад з іерархіяй, у цэлым кансерватыўную парадыгму.
У выпадках жа аўтарытарных рэжымаў і выкарыстання ў паліттэхналогіях і заканатворчасці пад традыцыйнымі каштоўнасцямі, відавочна, маецца на ўвазе таксама нейкая альтэрнатыва іншай сістэме — універсальным правам чалавека.
У сувязі з гэтым узнікае пытанне, наколькі такія законы аберагаюць дзяцей, інстытут сям'і, і, наадварот, наколькі лібералізм небяспечны для таго ж інстытута сям'і.
У пошуках адказу можна параўнаць сітуацыю ў краінах, дзе існуюць законы супраць дыскрымінацыі ЛГБТ-людзей, і краіны, дзе ёсць ці плануецца забарона на "прапаганду ЛГБТ". Так, у Нідэрландах, Швецыі і Даніі нараджальнасць вышэйшая, чым у Расіі, а разводаў, наадварот, менш нават у параўнанні з Казахстанам. Так што наўрад ці "традыцыйныя каштоўнасці" з'яўляюцца вызначальным фактарам дабрабыту інстытута сям'і.
Калі рыторыка "абароны дзяцей" выглядае абстрактнай і не вельмі зразумелай, то статыстыка ЮНІСЕФ, апублікаваная ў 2025 годзе, дзе параўноўваюцца краіны Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця і Еўрапейскага саюза, паказвае, што дзеці могуць быць у бяспецы і без забаронаў "прапаганды ЛГБТ". У першую пяцёрку ўваходзяць тыя ж Нідэрланды і Данія, а таксама Францыя, Партугалія і Ірландыя.
Данія, дарэчы, пастаянна знаходзіцца ў топе па "рэйтынгу шчасця" (2-е месца ў 2024 годзе), які выкарыстоўвае ААН, і гэта нягледзячы на прысутнасць "ЛГБТ-прапаганды".
"Прапаганда" працуе?
Паводле слоў доктара медыцынскіх навук, дацэнта кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Медыцынскага ўніверсітэта Астаны, лекара-псіхіятра вышэйшай катэгорыі Анар Каражанавай, фармаванне сексуальнай арыентацыі, а дакладней сексуальнай ідэнтыфікацыі — складаны працэс, які залежыць ад многіх фактараў.
"Важна разумець, што гэты стан не з'яўляецца вынікам асэнсаванага выбару. Гэта, хутчэй, звязана з гарманальнымі момантамі і глыбокімі несвядомымі працэсамі, якія працякаюць унутры нас. Таму, на маю думку, сексуальная арыентацыя не можа быць змененая з дапамогай знешняй інфармацыі, згадак або прапаганды", — кажа Анар Каражанава.
На самой справе "прапаганды ЛГБТ" як такой не існуе. Пад прапагандай у шырокім сэнсе разумеюць сістэматычнае і мэтанакіраванае ўздзеянне на грамадскае меркаванне для фармавання ў аўдыторыі патрэбных установак, каштоўнасцяў і паводзін. Пры гэтым яе характарызуюць прыхаваная прырода, маніпуляцыі фактамі, уздзеянне на эмоцыі, ачарненне адной групы за кошт іншай. Кантэнт, звязаны з ЛГБТ-тэматыкай, ніяк не адпавядае гэтым прыкметам, а яго прысутнасць — гэта прадстаўленасць канкрэтнай сацыяльнай групы, а не прапаганда.
Даследчык сацыяльнай тэорыі Галым Жусіпбек адзначае, што "прапаганда ЛГБТ" не з'яўляецца навуковай канцэпцыяй, і сексуальная арыентацыя, маючы месца на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва, не можа паўстаць шляхам "прапаганды".
Дрэнна або ніяк
Як менавіта будзе прымяняцца новы закон, пакуль незразумела. Згадваецца маркіроўка 18+ (дарэчы, ужо актыўна выкарыстоўваецца і без закона), а таксама забарона толькі на "станоўчую ацэнку". Але як і хто будзе ацэньваць узровень негатыву, пазітыву ці нейтральнасці ў матэрыяле або допісе?
Юрысты згадваюць загадкавых "грамадскіх памочнікаў", якія будуць дапамагаць выяўляць "супрацьпраўны кантэнт". Магчыма, маецца на ўвазе ўцягванне ў гэтую працу новага моладзевага руху “Жаңа адамдар” (“Новыя людзі”), якое падтрымліваецца Такаевым і якое часам нагадвае скандальна зніклы расійскі рух "Наши", а некаторымі метадамі яшчэ больш скандальны "Акупай-педафіляй" неанацыста Максіма Марцінкевіча (з правакаваннем і выяўленнем педафілаў).
У цэлым незразумела, да якіх гратэскавых форм можа дайсці правапрымяненне. Фармальна незаконнымі могуць стаць цалкам звыклыя рэчы — ад нявінных дзіцячых цацак або рэчаў з вясёлкавай расфарбоўкай да кніг, пастановак у тэатры або фільмаў.
Ці будуць, у адпаведнасці з законам, блакаваць глабальныя платформы кшталту YouTube, X, Instagram, якія непазбежна ўтрымліваюць кантэнт, які цяпер будзе супрацьпраўным? Гэтыя платформы абапіраюцца на іншую юрысдыкцыю і наўрад ці будуць або змогуць выдаляць такі кантэнт на запыт казахстанскіх уладаў.
Ці ператворыцца пошук і выяўленне такога кантэнту ў "паляванне на ведзьмаў", ці набудзе анты-ЛГБТ-цэнзура абсурдныя маштабы і формы? Прыкладна зразумела, што легальнае згадванне пра ЛГБТ зможа быць толькі негатыўным, гэта, па сутнасці, можна расцэньваць як падтрымку мовы нянавісці.
Лекар-псіхіятр Анар Каражанава нагадвае, што забароны згадкі тэмы ЛГБТ, відавочна, не ўплываюць на рэальную статыстыку. Наадварот, падкрэслівае яна, дзяржаве варта ствараць больш адкрытае і прыязнае асяроддзе, якое будзе спрыяць зніжэнню стыгмы, гвалту ў дачыненні да ЛГБТ-людзей, дапамагаючы ім пазбегнуць ізаляцыі ці самаізаляцыі з прычыны іншасці.
Дэпутат Жанарбек Ашымжанаў запэўнівае, што падстаў для хвалявання няма і што новы закон не супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам краіны:
"Мэта дакумента — забяспечыць інфармацыйную бяспеку грамадзян, асабліва дзяцей, а таксама абараніць нацыянальныя каштоўнасці ў грамадстве. Пры гэтым увядзенне цэнзуры або дыскрымінацыі якіх-небудзь груп не прадугледжваецца. Казахстан, выконваючы свае міжнародныя абавязальніцтвы, рэгулюе прынятыя нормы ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і грамадскім запытам".
Наступствы
Сярод верагодных наступстваў прыняцця закона называюцца цэнзура, самацэнзура, адабранне з абароту класікі літаратуры і кіно, памяншэнне свабоды слова, стыгматызацыі ЛГБТ-людзей і блакаванне платформ, эканамічныя страты, зніжэнне інвестыцый.
На думку сацыёлага Серыка Бейсембаева, казахстанцам давядзецца развітацца са звыклым ладам жыцця.
"Калі гэтыя папраўкі будуць прынятыя, свабода слова ў Казахстане паменшыцца, таму што "ЛГБТ-прапаганда" — гэта вельмі шырокі панятак. Тое, што ён ахоплівае, незразумела. Таму для казахстанцаў гэта азначае, што звыклая ім кінапрадукцыя, кнігі, якія яны чытаюць, матэрыялы ў сацыяльных сетках — усё гэта падвергнецца цэнзуры", — кажа эксперт.
Выдавец, рэжысёр, заснавальнік выдавецтва Aspan Books Тылек Ырысбек мяркуе, што многія творы можна аднесці да "прапаганды", хоць яны могуць не з'яўляцца такой, бо аўтары часта звяртаюцца да розных спосабаў раскрыцця персанажаў: "Напрыклад, калі ў будучыні мы будзем перакладаць вершы Алена Гінзберга, творы Мішэля Фуко, Марсэля Пруста, Оскара Уайльда ды іншых вялікіх важных аўтараў, гэта можа значна перашкодзіць працы ўсіх выдавецтваў".
Арт-крытык і куратар шэрагу міжнародных арт-праектаў Валерыя Ібраева згодная з ім і прагназуе абмежаванні свабоды творчасці і свабоды ўспрымання: "Пры поўнай нявызначанасці таго, што лічыць прапагандай, напэўна, будзе не арыгінальна задаць пытанне: ці з'яўляецца выкананне Чайкоўскага або песні Фрэдзі Мэрк'юры гей-прапагандай?"
Паводле слоў медыяюрыста Гульміры Біржанавай, праз тое, што панятак "прапаганда" можа трактавацца вельмі шырока, яшчэ адным магчымым негатыўным наступствам паправак стане ўзмацненне самацэнзуры ў медыя.
Але дэпутат Жанарбек Ашымжанаў запэўнівае, што пры распрацоўцы былі ўлічаныя негатыўныя наступствы. Ён абяцае, што для недапушчэння "сацыяльнага ціску" будуць узмоцненыя "механізмы прававой абароны і сістэмы маніторынгу".
"Правы і бяспека любых груп у грамадстве, у тым ліку прадстаўнікоў ЛГБТ, важныя для дзяржавы. Падчас распрацоўкі законапраекта не былі пакінутыя без увагі пытанні яго магчымага ўздзеяння на грамадства, неабходнасць недапушчэння ўзмацнення напружанасці, а таксама прадухілення булінгу і стыгматызацыі. Наша мэта — не дыскрымінацыя якіх-небудзь грамадзян, а рэгуляванне інфармацыйнай прасторы і забеспячэнне псіхалагічнай бяспекі падрастаючага пакалення. Адначасова прадугледжваецца сумесная праца з упаўнаважанымі органамі па пытаннях псіхічнага здароўя, прафілактыкі суіцыду і іншых сумежных напрамках", — рэзюмуе ён.
Між тым, эксперты фонду Education Community нагадваюць пра так званую мадель Badgett, якая распрацаваная для ацэнкі эканамічных выдаткаў дыскрымінацыі і сацыяльнай эксклюзіі ЛГБТ+ людзей і выкарыстоўваецца многімі міжнароднымі арганізацыямі.
"Згодна з разлікамі паводле мадэлі Badgett, гамафобія абыходзіцца краінам ад 0,1 да 1,7% ВУП штогод. Для Казахстана з яго ВУП у 180 млрд долараў нават сціплыя страты ў 0,5% складуць астранамічныя 900 млн долараў у год".
Эканаміст і кіраўнік венчурнай кампаніі Activat VC Марат Талыбай папярэджвае, што магчымымі наступствамі стануць таксама пагаршэнне інвестыцыйнага клімату, ускладненне візавых рэжымаў, страта чалавечага капіталу за кошт эміграцыі талентаў з ЛГБТ-супольнасці і людзей з ліберальнымі каштоўнасцямі.
ААН таксама выказала пазіцыю адносна казахстанскага законапраекта, "заснаванага на дэзінфармацыі":
"Трансфармацыя дыскрымінацыйнай петыцыі ў закон надасць юрыдычную сілу забабонам, далейшай ізаляцыі ўразлівых супольнасцяў і падрыву фундаментальных правоў чалавека".
Чаму цяпер
Мяркуючы па ўсім, нечаканы падарунак усім аўтакратам свету паднеслі Дональд Трамп з Іланам Маскам, разграміўшы USAID, агучваючы міфы пра праекты накшталт "стварэння трансгендарных мышэй".
У сакавіку Такаеў нават выказаў асцярожнае захапленне і падзяку з гэтай нагоды: "Многім краінам дзесяцігоддзямі навязвалі так званыя дэмакратычныя маральныя каштоўнасці, уключаючы ЛГБТ, і пад гэтай шыльдай міжнародныя няўрадавыя фонды і арганізацыі груба ўмешваліся ў іх унутраныя справы. На паверку ўсё аказалася прасцей простага — раскрадаліся мільярдныя бюджэты (...) Праца, разгорнутая цяперашняй амерыканскай адміністрацыяй на чале з прэзідэнтам Трампам па выяўленні маштабных злоўжыванняў і выкрыццю палітычнай крывадушнасці "глыбіннай дзяржавы", аднаўленню традыцыйных маральных каштоўнасцяў, заслугоўвае падтрымкі".
Праваабаронца Яўген Жоўціс таксама мяркуе, што галоўным трыгерам прыняцця законапраекта стаў Трамп: "Так, быў прыклад Венгрыі, Расіі, хай будзе нейкая крытыка з боку ЕС, спецыяльных працэдур ААН, але да гэтага нашы ўлады ўжо прызвычаіліся. А з амерыканцамі наўпрост сварыцца не хацелі раней, а пры Трампе можна, і нічога за гэта не будзе".
Даследчык сацыяльнай тэорыі Галым Жусіпбек адзначае, што хоць у грамадстве ёсць анты-ЛГБТК+ настроі, гэта не самае важнае з запытаў на фоне вострых праблем сацыяльнай несправядлівасці і эканомікі. А гамафобія, паводле яго слоў, — прадукт савецкага часу.
"Казахстанцам трэба зразумець, што гамафобія — гэта частка цёмнай "савецкасці", як афіцыйнай, так і неафіцыйнай (дакладней, неад'емнай часткі савецкай крымінальнай субкультуры), якая нас пераследуе, і ад якой трэба пазбаўляцца", — упэўнены эксперт.
"Каштоўны міжнародны досвед"
У Казахстане прыхільнікі забароны "прапаганды" спасылаюцца на вопыт такіх краін, як Венгрыя, Балгарыя, Літва, Польшча і Кыргызстан.
У Венгрыі з 2021 года набыў моц закон "Аб узмацненні жорсткасці мер у дачыненні да правапарушальнікаў-педафілаў і ўнясенні зменаў у некаторыя законы, накіраваныя на абарону дзяцей". Ён забараняе дзяліцца з непаўнагадовымі інфармацыяй, што прапагандуе гомасексуальнасць або трансгендарны пераход, а таксама ўводзяцца абмежаванні на паказ у дзённы час па тэлебачанні кантэнту, які закранае ЛГБТ-тэматыку.
У адносна вольным раней Кыргызстане ў 2023 годзе прыняты закон "Аб мерах па прадухіленні прычынення шкоды здароўю дзяцей", які забараняе акрамя прапаганды "нетрадыцыйных сексуальных адносін" адмаўленне сямейных і традыцыйна-грамадскіх каштоўнасцяў.
У Балгарыі пасля ўнясення ў 2024 годзе паправак у Закон аб дашкольнай і школьнай адукацыі забараняецца ЛГБТ-прапаганда ў школах.
Што тычыцца Польшчы, то, па ўсёй бачнасці, прыхільнікі казахстанскага законапраекта мелі на ўвазе стварэнне так званых зон, свабодных ад ЛГБТ, дзе забараняліся маршы роўнасці і іншыя публічныя ЛГБТ-ініцыятывы. Такія зоны ахоплівалі каля траціны краіны. Але пра забарону ЛГБТ-прапаганды гаворкі не вялося, і ў траўні 2025 года была зачынена апошняя з такіх зон пасля рашэння Еўрапейскай камісіі і Вярхоўнага адміністрацыйнага суда, якія палічылі дадзеную ініцыятыву дыскрымінацыйнай.
У Літве ў законе "Аб абароне непаўнагадовых ад уздзеяння адмоўнай публічнай інфармацыі" сапраўды была забарона на інфармацыю пра гомасексуальныя і бісексуальныя адносіны, аднак ён быў адменены Канстытуцыйным судом Літвы ў 2024 годзе.
Зрэшты, спасылаючыся на "міжнародны досвед", казахстанскія законатворцы, як і заўсёды, падабралі прыклады, што ўкладваюцца ў ідэалогію, якую яны прасоўваюць. Хоць няма ніякіх сведчанняў таго, што прынятыя ў згаданых краінах абмежаванні якім-небудзь чынам спрыялі абвешчаным імі мэтам.
Затое, як згадвае эксперт у галіне міжнароднага права Таццяна Чарнабіль, гэтыя абмежаванні былі раскрытыкаваныя еўрапейскімі рэгіянальнымі і міжнароднымі (аанаўскімі) механізмамі абароны правоў чалавека як непрапарцыйныя. І, як паказвае прыклад Літвы, у некаторых краінах ужо адбыўся адкат.
Цікава, як казахстанскія "стоп-прапагандысты" маглі выпусціць з-пад увагі Грузію, дзе ў 2024 годзе быў прыняты жорсткі закон "Аб абароне сямейных каштоўнасцяў і непаўналетніх". Ён накладае абмежаванні на свабоду слова і сходаў для прадстаўнікоў ЛГБТІК+, забараняе гендарна-афірматыўныя аперацыі і юрыдычныя працэдуры прызнання полу, пацвярджае забарону на аднаполыя шлюбы і ўводзіць цэнзуру ў СМІ і ў сферы адукацыі.
Відавочна, што ініцыятывы ў некаторых еўрапейскіх краінах накладаюцца на "правы паварот", які пачаўся прыкладна з 2010 года і які набраў моц пасля 2020-га, так што анты-ЛГБТ рыторыка супала з патрабаваннем абмежаваць паток бежанцаў і мігрантаў, з узнікненнем канспіралагічных груп і як кульмінацыя — з узмацненнем пазіцый правых партый.
Матэрыял апублікаваны пры падтрымцы Медыясеткі