Раман Стывена Кінга "Яно" ў Расіі збіраюцца "адрэдагаваць"
Першае выданне рамана Стывена Кінга "Яно" / thefirstedition.com
Расійскае выдавецтва АСТ адклікала з продажу пераклад рамана Стывена Кінга "Яно" (It), бо на яго пайшлі даносы за "прапаганду нетрадыцыйных адносінаў".
"Так, цэлая партыя рамана была адкліканая. Быў зварот — і расійскі Кніжны саюз правёў папярэднюю экспертызу. На што былі скаргі? Неадпаведнасць бягучаму заканадаўству", — перадае "Новая газета Европа" словы гендырэктаркі АСТ Таццяны Горскай.
Выдавецтва плануе правесці ўласную ацэнку кнігі з дапамогай штучнага інтэлекту. Па выніках экспертызы будзе прынятае рашэне "аб маркіроўцы рамана Кінга ў адпаведнасці з заканадаўствам Расіі".
"У выпадку нейкіх сур'ёзных, непрымальных неадпаведнасцяў мы будзем звяртацца да праваўладальніка наўпрост з просьбай дазволіць рэдагаванне тэксту", — заявіла Горская.
Выдавецтва АСТ — гігант расійскага кніжнага рынку. У верасні стала вядома, што выдавецтва пачало правяраць усе кнігі на "прадмет парушэння заканадаўства" з дапамогай кітайскага штучнага інтэлекту. Гэтая працэдура з'яўляецца абавязковай з 5 жніўня для ўсіх падраздзяленняў і рэдакцый холдынгу.