"Магчыма, паездка былых калег Мельнікавай была прымеркаваная да заключэння гэтага пагаднення. Аднак ці з'яўляецца супадзеннем тое, што з Мінска яны адправіліся ў адзін час з людзьмі, якія працуюць на КДБ, чыя паездка была звязаная з Анжалікай? На гэты момант гэта яшчэ адно пытанне ў справе Мельнікавай, якое застаецца без адказу", — рэзюмуюць актывісты.
У калабарацыі з журналістамі Еўрарадыё "Кіберпартызанам" удалося звязацца з некалькімі былымі калегамі Анжалікі, якія былі на гэтым рэйсе. Мэту паездкі ў Маскву яны не назвалі, але паведамілі, што нічога незвычайнага падчас пасадкі і палёту не адбылося.
Зноў на Шры-Ланку
Паводле інфармацыі выдання The Insider, у лютым 2025 года Анжаліка Мельнікава зноў прыляцела на Шры-Ланку. Паездка была таямніцай. Знаёмыя Мельнікавай у гэты час лічылі, што яна знаходзіцца ў Польшчы.
"Нашы крыніцы таксама пацвердзілі, што ў гэты час, а менавіта 27 лютага 2025 года, на Шры-Ланку ў суправаджэнні іншага супрацоўніка КДБ РБ прыбыў Аляксей Лабееў. Абодва зарэгістраваліся па падробленых пашпартах. Аляксей Лабееў, як і раней, прайшоў рэгістрацыю на прозвішча Гардзеева, а яго спадарожнік паказваў дакумент на імя Мікалая. Абодва правялі некалькі дзён на Шры-Ланцы, затым 7 сакавіка супрацоўнік КДБ "Мікалай" пакінуў востраў адзін і вярнуўся ў Беларусь", — дзеляцца звесткамі "Кіберпартызаны".
У той жа дзень, паводле інфармацыі The Insider, Шры-Ланку пакінула і Мельнікава. Яна вылецела ў Дубай.
Актывісты робяць выснову, што супрацоўнік контрвыведкі КДБ Аляксей Лабееў уваходзіў у давер да Анжалікі Мельнікавай як мінімум з 2023 года. Вазіў на іншы кантынент яе маці, каб там яна магла сустрэцца з дачкой упершыню за доўгі час. Акрамя таго, Лабееў і Мельнікава правялі сумесна як мінімум некалькі адпачынкаў у розных краінах свету. У частку з гэтых паездак на курорты Лабеева суправаджалі і іншыя людзі, задзейнічаныя КДБ.
"Усё гэта сведчанне таго, што рэжым Лукашэнкі ўкладаецца ў працяглыя і шматпланавыя аперацыі, накіраваныя на вядучых палітычных актывістаў Беларусі. На дадзены момант у справе Мельнікавай па-ранейшаму застаецца больш пытанняў, чым адказаў. Аднак наяўныя звесткі паказваюць як мінімум прыкладны маштаб дзеянняў, зробленых КДБ", — кажуць"Кіберпартызаны".
Што з фондам "Białoruś Liberty"?
З траўня 2025 года кантроль над фондам "Białoruś Liberty" адноўлены. Прызначаны новы старшыня праўлення, а таксама распрацаваны новы пратакол кантролю сродкаў, згодна з якім Юльяна Шеметовец, як член назіральнага савета, мае рэгулярны доступ да праверкі актываў на рахунку фонду.
Напамін ад "Кіберпартызан"
Актывісты заклікаюць беларускіх палітыкаў быць уважлівымі да свайго асяродку.
"Прычым не толькі да людзей, якія з'явіліся ў ім нядаўна. Калі нехта выклікае ў вас падазрэнні, запытайце праверку праз наш ананімны бот @partisans_bot. Тым не менш памятайце: гарантыю таго, што чалавек не працуе на рэжым, даць ніхто не можа. Лепш не давярайце падазронаму знаёмаму адчувальную інфармацыю, раскрыццё якой можа сур'ёзна нашкодзіць вам ці іншым людзям", — заключаюць актывісты.