Распавядаем, што стала з грашыма на пошукі Мельнікавай

Аляксей Лявончык

Аляксей Лявончык / Еўрарадыё

“Яны ляжаць і чакаюць свайго інфарматара”, — адказаў кіраўнік фонду “Байхэлп” Аляксей Лявончык на запыт Еўрарадыё пра грошы, якія збіралі на пошукі экс-спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай.

Нагадаем, што збор быў абвешчаны ў красавіку, яшчэ да выхаду журналісцкіх расследванняў аб яе паездках на Шры-Ланку і Дубай, а таксама сувязі з супрацоўнікам вайсковай выведкі Аляксеем Лабеевым.  

Лявончык кажа, што ахвяравалі на справу 5100 еўра, якія адзін ананімны мецэнат падвоіць да дзесяці тысяч двухсот еўра.

“Гэты чалавек павінен нам распавесці, дзе знаходзіцца Анжаліка Мельнікава. Мы гэтыя грошы не вярталі ахвярадаўцам і нікуды не выдаткоўвалі, таму што ўмовай гэтага збору была менавіта ўзнагарода за пошук чалавека, але пакуль гэтага ніхто не змог зрабіць”, — падкрэсліў суразмоўца.

Таксама Аляксей распавёў, у якім стане знаходзіцца праграма адраснай дапамогі дзеячам культуры сталага веку, праз якую ў яго і Таццяны Нядбай, кіраўніцы беларускага “ПЭН-центра”, адбылася публічная сварка ў пачатку траўня. Праблема ўзнікла праз затрымку выплат з боку фундатараў, якіх адшукаў Лявончык.  

“Гэта быў прыватны донар, які быў знойдзены па маіх кантактах і не мае ніякага дачынення да донараў, якія працуюць з Беларуссю. Таму гэты грант пакуль праходзіць зацверджанне праз каманду гэтай прыватнай фундацыі, і як толькі ён яе пройдзе і мы будзем разумець, што можам іх выдаткоўваць на культурных дзеячаў, тады мы будзем гэтыя грошы выплачваць”, — распавёў Аляксей.

Умовы карыстання грантам будуць дастаткова шырокія, іх будзе вызначаць каманда “Байхэлп” па меры таго, як будзе зразумелы запыт. 

“Гэта можа быць стыпендыя для культурных дзеячаў, падтрымка дзеячаў культуры сталага веку ў эміграцыі і некалькі іншых катэгорый, якія патрабуюць падтрымкі. Сыходзячы з гэтай сітуацыі – усе напрамкі, дзе ў Беларусі ёсць правалы з фінансаваннем. 

Яны [фундатары грошай] папрасілі гэту інфармацыю ад мяне. Калі яе зацвердзяць для культурных дзеячоў, як я адпачатку і падаваў, значыць, будзем мець падтрымку на 20 чалавек. Але калі яны зацвердзяць нейкім палавінчатым чынам, тады будзем мець падтрымку для меньшай колькасці людзей”, — падсумаваў Лявончык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.