Паліцыя Стамбула распавяла, чаму не шукае зніклага беларускага актывіста

Анатоль Котаў

Анатоль Котаў / Еўрарадыё

Паліцыя Стамбула не шукае зніклага ў Турцыі беларускага апазіцыянера Анатоля Котава, завочна асуджанага ў Беларусі на 12 гадоў пазбаўлення волі. Гэта высветлілі журналісты рэдакцыі Deutsche Welle.

Котаў прыляцеў у Стамбул удзень 21 жніўня. Паводле звестак DW, у гэты час ён напісаў жонцы, але не паведаміў адрас гатэля, у якім спыніцца. Апошняе паведамленне ў гэты дзень ён адправіў у 21:28 (час — польскі), але адрас гатэля так і не напісаў.

З вечара 21 жніўня Котаў не выходзіць на сувязь. Мяркуецца, што ён пакінуў Турцыю праз марскі памежны пераход у Трабзоне вечарам таго ж дня. Пра гэта пісалі турэцкія медыі. Пра далейшы маршрут Котава нічога невядома.

 

Хто такі Анатоль Котаў?

Пра знікненне Котава першым напісала выданне Reform.news. Журналісты са спасылкай на ўласную крыніцу паведамілі, што актывіст перастаў выходзіць на сувязь і быў затрыманы ў Турцыі. Пазней кіраўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін абвяргаў інфармацыю пра затрыманне.

Паводле DW, жонка Котава падала заяву пра знікненне мужа ў паліцыю Стамбула 25 жніўня. Але ў аддзеле па пошуку зніклых людзей паліцыі на запыт DW сказалі, што звестак пра знікненне ў Турцыі грамадзяніна Беларусі пасля 21 жніўня ў іх сістэме няма.

Пазней паліцыянты патлумачылі, што расследаванні такога тыпу яны пачынаюць толькі пасля асабістай падачы заявы аб знікненні чалавека і не разглядаюць звароты, дасланыя на электронную пошту.

Котаў працаваў у многіх дзяржаўных структурах Беларусі: ад МЗС да Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Адміністрацыі прэзідэнта. У жніўні 2020 года ён пайшоў у адстаўку з пасады пры Упраўленні справамі прэзідэнта ў знак пратэсту. У эміграцыі пачаў супрацоўнічаць з НАУ Паўла Латушкі, але ў 2021 годзе гэтае супрацоўніцтва спынілася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.