Мельнікава яшчэ да эміграцыі супрацоўнічала са спецслужбамі РБ — меркаванне

Анжаліка Мельнікава

Анжаліка Мельнікава / Еўрарадыё

Зніклая спікерка Каардынацыйнай рады (КР) Анжаліка Мельнікава яшчэ да эміграцыі супрацоўнічала са спецслужбамі Лукашэнкі. Такое меркаванне выказала маёр контрразведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы ў адстаўцы, супрацоўніца факультэта міжнародных адносін Беластоцкага ўніверсітэта (доктар) Ганна Грабоўска-Сівец. Яе выступ адбыўся ў праграме "Спецыяльны рэпартаж" 5 кастрычніка ш эфіры польскага тэлеканала TVP Info.

Праграма пад назвай "Аперацыя Мельнікава" быў прысвечаны знікненню спікеркі беларускай Каардынацыйнай рады.

"[Мельнікава] была навучаная, былі пастаўленыя вельмі канкрэтныя задачы. І гэтыя задачы на тэрыторыі Польшчы рэалізоўвала",цытуе выданне "Позірк" словы Грабоўскай-Сівец.

На яе думку, "формай сувязі" былі адносіны Мельнікавай з былым мужам, які свабодна прыязджаў да яе ў Польшчу з Беларусі і вяртаўся назад. Экспертка мяркуе, што экс-муж спікеркі КР быў пад наглядам беларускіх спецслужбаў. Сустрэчы былога мужа з Мельнікавай і іх дзецьмі яна назвала "падтрыманнем пастаяннага кантакту, прыкрытага вельмі надзейнай легендай".

"Гэта ідэальна ўпісваецца ў modus operandi, г.зн. спосаб функцыянавання разведкі і выдатна легендуе [гэты кантакт]. Вельмі спецыфічныя абставіны знікнення [Мельнікавай] таксама можна растлумачыць мовай спецслужбаў: калі б я была заказчыкам, таксама б звярнулася да такіх інструментаў — крызіс са здароўем, знікненне грошай" (маюцца на ўвазе грошы, якія, паводле наяўнай інфармацыі Мельнікава зняла з банкаўскага рахунку перад сваім знікненнем).

"Тое, што свайго агента вінавацім у злачынстве і правакуем сітуацыю, у якой ён уцякае, губляецца дзесьці бясследна з гэтымі грашыма — гэта ідэальная легенда, вельмі папулярная <...> у спецслужбаў. Так што, па-мойму, тут усё выдатна складваецца", — падсумавала Грабоўска-Сівец.

У сваю чаргу кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка ў рэпартажы чарговы раз падкрэсліў што не верыць, каб Мельнікава працавала на спецслужбы Лукашэнкі.

Былая віцэ-спікерка КР Станіслава Гліннік расказала, што першапачаткова разглядалася дзевяць асноўных версій таго, што магло адбыцца з Мельнікавай, але на сёння засталося тры.

"Ёсць версія, што яна была супрацоўніцай беларускіх службаў з самага пачатку. Другая версія — што стала супрацоўнічаць пад прымусам нядаўна. І трэцяя — што была спроба яе завербаваць і націснуць, якая пайшла не ў тым кірунку", — пералічыла Гліннік. Яна дапускае, што Мельнікавай можа не быць у жывых.

Анжаліка Мельнікава перастала выходзіць на сувязь у канцы сакавіка 2025 года. Пазней СМІ паведамілі, што яна магла вылецець з Польшчы ў Вялікабрытанію, куды на яе імя быў набыты авіяквіток. Былы муж Мельнікавай пацвердзіў, што іх дзеці — дзяўчынкі 7 і 13 гадоў — знаходзяцца з ім у Беларусі.

У Польшчы расследаваннем знікнення беларускі займаецца Агенцтва ўнутранай бяспекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.