Прайшло паўгода са знікнення Анжалікі Мельнікавай

Анжаліка Мельнікава

Анжаліка Мельнікава / Еўрарадыё

Прайшло паўгода са знікнення Анжалікі Мельнікавай. Дзе знаходзіцца цяпер ужо экс-спікерка Каардынацыйнай рады дагэтуль невядома.

Апошні раз Мельнікава выходзіла на сувязь з дэпутатамі КР 21 сакавіка. Яе дзеці разам з мужам знайшліся ў Беларусі. Сама яна таксама пакінула тэрыторыю Еўрасаюза спярша паляцела з Польшчы ў Вялікабрытанію, пасля на Шры-Ланку, пасля ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. У Дубаі яе сляды губляюцца.

Расследавальнікі высветлілі, што Мельнікава вандравала па свеце не адна. Яе спадарожнікам быў 32-гадовы Аляксей Лабееў. Ён супрацоўнік беларускіх спецслужбаў, які карыстаўся пашпартам на імя Аляксея Гардзеева. Ці былі яны парай і ў якіх увогуле знаходзіліся стасунках — незразумела.

Разам з Анжалікай Мельнікавай з рахунку яе фонда "Białoruś Liberty" зніклі каля 150 тысяч долараў. У тым ліку $107 тысяч, прызначаныя для Каардынацыйнай рады, і каля $30 тысяч для "Кіберпартызанаў". Грошы выводзіліся часткамі, апошняя транзакцыя датуецца 24-м сакавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.