Куды знік Анатоль Котаў? Новыя падрабязнасці

Анатоль Котаў / Еўрарадыё
Прадстаўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС) Анатоль Котаў пакінуў Турцыю праз марскі памежны пераход у Трабзоне ўвечары 21 жніўня, паведамляюць турэцкія СМІ. Пра яго далейшы маршрут нічога не вядома.
Аб знікненні Котава першым паведаміў рэсурс Reform.news. Журналісты са спасылкай на ўласныя крыніцы распавялі, што актывіст перастаў выходзіць на сувязь і быў нібыта затрыманы ў Турцыі. Пазней кіраўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін абверг затрыманне Котава. Яго жонка Анастасія "была абурана публікацыяй", але "адмовілася каментаваць чуткі і абвергаць магчымае затрыманне мужа".
Котаў працаваў у многіх дзяржаўных структурах Беларусі — ад МЗС да Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Адміністрацыі прэзідэнта. У жніўні 2020 года ў знак пратэсту ён падаў у адстаўку з пасады пры Кіраўніцтве спраў прэзідэнта. У эміграцыі пачынаў працаваць з НАУ Паўла Латушкі, але ў 2021 годзе гэта супрацоўніцтва спынілася.
За паўгода Котаў стаў другім зніклым прадстаўніком беларускіх дэмсіл у эміграцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.