Футбольнага каментатара звольнілі за крытыку стадыёну

Такую характарыстыку спартовай пляцоўцы ён даў у артыкуле “Прафесія — каментатар”, апублікаваным у мясцовай газеце Intex-press. Праз тыдзень пасля публікацыі яго адхілілі ад працы каментатара футбольных матчаў, інфармуе выданне.

Уладзімір Майсюк сказаў, што футбольнае поле на “Лакаматыве”, “як у калгасе”, а праца стадыёну скіраваная болей на збіранне грошай за арэнду памяшканняў, чым на развіццё спорту.

Дырэктар стадыёну Леанід Пячко не стаў каментаваць звальненне каментатара і параіў звярнуцца ў ФК “Баранавічы”, бо Майсюк афіцыйна працуе там прэс-сакратаром. Але і там не сталі тлумачыць прычыны звальнення. Дырэктар клуба Андрэй Хлебаслоў толькі некалькі разоў паўтарыў, што крытыка ў артыкуле была неканструктыўнай: улады павярнуліся тварам да клуба, і каманда не кінутая на волю лёсу.

Уладзімір Майсюк каментаваў футбольныя матчы ў Баранавічах 20 гадоў.