Амбасадара Беларусі ў Грузіі знялі — яго сына судзілі за "экстрэмізм"

Анатоль Ліс

Анатоль Ліс / janow.by

22 траўня Лукашэнка зняў з пасады пасла Беларусі ў Грузіі Анатоля Ліса, які раней доўгі час быў старшынёй Брэсцкага аблвыканкама. Яго сына Паўла нядаўна судзілі за ўдзел у пратэстах.

40-гадовы Павел Ліс 26 красавіка быў уключаны ў спіс "экстрэмістаў", які вядзе МУС. Мужчыну асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Яму прызначылі "хатнюю хімію".

Павел Ліс працаваў намеснікам прарэктара БДУІР у 2012-2016 гадах і дырэктарам Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі ў 2016-2019 гадах. Потым ён сышоў у IT-сферу. А з 2024 года мужчына з'яўляецца камерцыйным дырэктарам у кампаніі ITTAS, якая займаецца распрацоўкай праграмных і праграмна-апаратных рашэнняў.

Яго бацька Анатоль Ліс рабіў чынавенскую кар'еру. Ад 2014 да 2021 года быў старшынёй Брэсцкага аблвыканкама. Перад тым мужчына кіраваў Навагрудкам і Мазыром, быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, намеснікам міністра прыроды, памочнікам Лукашэнкі па Гомельшчыне і намеснікам кіраўніка яго адміністрацыі.

Новым амбасадарам Беларусі ў Грузіі прызначаны Мікалай Рагашчук. Раней ён быў намеснікам кіраўніка спраў Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.