Двух юнакоў з Чачэрска асудзілі за марш з дзяржаўным сцягам

Суд у чачэрскім каледжы / "Чачэрскі веснік"
У Чачэрску правялі паказальны выязны суд над двума юнакамі за "здзек з дзяржаўнай сімволікі". Месцам яго правядзення абралі мясцовы тэхнічны каледж, заўважыў "Флагшток".
Паведамляецца, што ў адзін з вечароў абвінавачаныя нападпітку праходзілі міма адміністрацыйнага будынка дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Яны звярнулі сваю ўвагу на дзяржаўны сцяг на фасадзе будынка — і вырвалі яго разам з металічным мацаваннем. Пасля гэтага юнакі пайшлі па вуліцы Гагарына, размахваючы сцягам.
"Падчас руху сарвалі мацаванне і абламалі драўлянае дрэўка, пасля чаго выкінулі паламаныя дэталі на прысядзібны ўчастак домаўладання, які знаходзіцца побач", — апісвае гэты паход раённая газета "Чачэрскі веснік".
Абодвум хлопцам прысудзілі па году калоніі агульнага рэжыму. А навучэнцам тэхкаледжа прачыталі лекцыю пра "неабходнасць паважлівага стаўлення да дзяржаўных сімвалаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.