Прызначаная дата суда над Нінай Багінскай

Ніна Багінская, архіўнае фота
Крымінальную справу Ніны Багінскай пачнуць разглядаць 30 траўня ў 10:30 у судзе Першамайскага раёна Мінска. Ёй інкрымінуюць частку 2 артыкула 342 КК (неаднаразовае парушэнне закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў).
Як паведамляе "Белсат", аснову абвінавачання супраць Багінскай складаюць адміністрацыйныя пратаколы і судовыя пастановы за 2024 год.
Ніне Багінскай 78 гадоў. У 2020-м жанчына стала адным з сімвалаў пратэстаў. Яе фатаграфіі з нацыянальным сцягам публікаваліся ў шматлікіх замежных медыях.
Падставай для крымінальнага пераследу сталі выхады Багінскай на мінскія вуліцы са значкамі бел-чырвона-белага колеру на вопратцы і дэманстрацыя нацыянальнай сімволікі ў 2024 годзе. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра "Вясна", летась жанчыну тройчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па абвінавачанні ў несанкцыянаваным пікетаванні. Агульная сума штрафаў склала 7200 рублёў. Акрамя таго, на яе склалі яшчэ пяць пратаколаў.
Таксама праваабаронцы паведамляюць, што падчас следства па крымінальнай справе Багінскую некалькі разоў вазілі на псіхіятрычную экспертызу.
У папярэднія гады Ніну Багінскую затрымлівалі дзясяткі разоў. Праз шматлікія штрафы ў яе забралі лецішча і зямельны надзел, а пенсію яна гадамі атрымлівае толькі часткова — з яе вылічваюць штрафы. Між тым у жанчына ёсць шэраг цяжкіх захворванняў, яна мае патрэбу ў своечасовым медычным лекаванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.