МЗС РБ выклікала паверанага Літвы праз гадзіну пасля свайго допісу ў сацсетках
МЗС Літвы, ілюстрацыйнае фота / BNS
Пра нібыта выклік свайго паверанага ў МЗС Беларусі літоўскія дыпламаты даведаліся з допісаў у сацыяльных сетках.
"Пасля праверкі высветлілася, што на той момант часовы павераны ў справах Літвы ніякага запрашэння не атрымліваў. Запрашэнне прыехаць у МЗС Беларусі ён атрымаў толькі праз гадзіну", — цытуе LRT словы прэс-сакратара міністра Крысціны Белікавай.
Яна заклікала афіцыйны Мінск "спыніць гібрыдныя атакі на дзяржавы — сябры ЕС, забяспечыць належны кантроль над сваёй тэрыторыяй і паветранай прасторай, а таксама вярнуць літоўскім грамадзянам і кампаніям маёмасць, якая ім належыць і незаконна канфіскаваная беларускімі ўладамі" (маюцца на ўвазе літоўскія грузавікі, якія затрымаліся ў Беларусі).
Нагодай для выкліку літоўскага дыпламата стала заява беларускага боку, быццам з тэрыторыі Літвы прыляцеў беспілотнік, які разбіўся на ўскрайку Гродна. Прычым у версіі МЗС гэта быў разведвальны беспілотнік, які мусіў потым даляцець ажно да польскага Быдгашча і вярнуцца назад. А ў версіі МУС гэты беспілотнік яшчэ і павінен быў раскідваць бел-чырвона-белыя сцяжкі.
Прадстаўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання ў крызісных сітуацыях (НЦУКС) Літвы Дарус Бута ахарактарызаваў паведамленне пра дрон як "не першы выпадак, калі беларускі рэжым выдумляе розныя гісторыі і выстаўляе абвінавачванні ў адрас заходніх краін і Літвы".
На яго думку, гісторыя з дронам — "гэта сапраўды выдатная магчымасць яшчэ раз нагадаць свету, што Беларусь нясе адказнасць за тое, што паветраныя шары кантрабандыстаў, якія ўзлятаюць з яе тэрыторыі, уяўляюць пагрозу для літоўскай і еўрапейскай грамадзянскай авіяцыі, пасажыраў і нашага грамадства".