“Правакацыя і хлусня”: у Літве здзівіліся гісторыі пра дрон з БЧБ-сцяжкамі
Дрон, які нібыта знайшлі ў Гродне / МУС
"Правакацыя і хлусня". Так у адміністрацыі літоўскага мястэчка Капчамесціс пракаментавалі заяву беларускага МУС пра тое, што менавіта адтуль на тэрыторыю Беларусі быў запушчаны дрон з БЧБ-сцяжкамі і камерамі для збору разведвальных даных.
Прадстаўнік адміністрацыі Капчамесціса расказаў Еўрарадыё, што 30 лістапада ў мястэчку не адбывалася нічога надзвычайнага. Пра выпадак з беспілотнікам, які нібыта быў запушчаны адтуль і ўпаў на вуліцы ў Гродне, ён упершыню пачуў ад нас:
— Вядома, не чуў нічога пра гэты выпадак. Нічога падазронага не было. Я думаю, што гэта правакацыя і хлусня.
Са слоў рэдактара мясцовага партала Lazdijų Naujienos, які перадрукаваў навіну з беларускіх СМІ, у раёне инфармацыю з беспілотнікам не абмяркоўваюць, нічога дзіўнага 30 лістапада ён таксама не заўважаў.
Раней беларускія сілавікі заяўлялі, што 30 лістапада ў Гродне нібыта ўпаў беспілотнік “самалётнага тыпу”, абсталяваны камерай для збору разведвальных звестак, і кантэйнерамі з “экстрэмісцкай друкаванай прадукцыяй” — маленькімі БЧБ-сцяжкамі. Паводле іх версіі, аналіз “бартавой апаратуры” паказаў, што дрон запусцілі менавіта з Капчамесціса, а пакінуць Беларусь ён мусіў праз польскую мяжу.
Пры гэтым паказаны МУС апарат выглядае як самаробная канструкцыя без заводскіх маркіровак: планёр з плоскіх панэляў, самаробныя кантэйнеры для скідання, што больш нагадвае “гаражны” дрон, а не прафесійную мадэль.
МЗС Беларусі ўжо выказала Літве пратэст і патрабуе расследавання інцыдэнту.