З'явіўся ліст хірурга, які займаўся хлопчыкам з ампутаванай рукой
Ён заяўляе пра "збег абставінаў", пра "чужую памылку". Кажа, што не спрабуе схавацца, а хоча справядлівасці.
Як паведамляла Еўрарадыё, 11-гадоваму Стасу М. з аграгарадка Якубава на Віцебшчыне наклалі на зламаную левую руку тугі гіпс. І адправілі дадому. Праз некалькі дзён хлопчыка ўжо ратавалі ў віцебскай рэанімацыі. Руку давялося ампутаваць. Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці распачало крымінальную справу па артыкуле “Неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медработнікам”.
Хірург, які займаўся хлопчыкам, даслаў ліст у газету "Наша ніва", у якім выклаў сваю пазіцыю. Змяшчаем яго цалкам.
"Я хірург Дубровенскай ЦРБ Кірычэнка Ю.Д.
Мой ліст адрасаваны шырокаму колу чытачоў, а не толькі маім калегам-медыкам, таму прафесійнай лексікі тут мінімальна, каб было зразумела.
У панядзелак (28.07.14) звярнуўся да мяне на прыём а 14.00 дня Стась у суправаджэнні яго цёткі. Дзіця скардзілася на боль у вобласці кісці і левага перадплечча.
25.07.14 у пятніцу ён атрымаў траўму левай рукі, пералом прамянёвай і локцевой косці левага перадплечча са зрушэннем. Дапамога аказвалася ў траўматалагічным аддзяленні Аршанскай гарадской бальніцы. Зроблена супастаўленне касцявых адломкаў, накладзеная гіпсавая павязка-лангета пад наркозам. Дзіця было адпушчана дадому з рэкамендацыямі з'явіцца на прыём у панядзелак, каб зрабіць кантрольны здымак.
Я ўважліва выслухаў скаргі дзіцяці, агледзеў яго руку, адзначаўся ацёк скуры, боль у вобласці кісці і перадплечча. Колер скуравых пакроваў не быў зменены. Скура была навобмацак цёплай. Пульсацыя сасудаў вызначалася.
Але стан кісці мяне крыху насцярожыў: доўга захоўваўся боль і ацёк кісці. Тут перада мной стала два пытанні: аслабіць гіпсавую павязку, бо захоўваўся боль, ці не чапаць яе, бо гэта магло прывесці да зрушэння адломкаў. З улікам таго, што пульс на сасудах перадплечча вызначаўся, скура была бледна-ружовага колеру, рух пальцаў рукі быў захаваны, мной было вынесена рашэнне: лячэнне гіпсавай павязкай працягнуць. Боль і ацёк пасля траўмы могуць захоўвацца да 5 дзён, такое было ў мяне ў практыцы неаднаразова. Я прызначыў кантрольны здымак у той жа дзень, г. зн. у панядзелак. Касцяныя адломкі былі супастаўленыя добра. Рэкамендаваў дзіцяці ўзвышанае становішча канечнасці, прыём супрацьзапаленчых абязбольвальных сродкаў, пры пагаршэннi стану або пры захаванні болю паўторна з'явіцца да хірурга ў аўторак, на наступны дзень.
У аўторак а 14.10 Стас са сваёй цёткай з'явіліся на прыём. Скаргі былі ранейшыя, боль у руцэ не паменшыў, ацёк кісці захоўваўся, пульсацыя сасудаў вызначалася. Рука была ў такім жа стане, як і ў панядзелак.
З улікам захавання болю я вырашыў не баяцца зрушэння адломкаў і паслабіў гіпсавую павязку, пашырыў яе. Стас адзначыў, што боль у руцэ аслаб. Лячэнне паслабленай гіпсавай павязкай вырашана было працягнуць, рэкамендавана было з'явіцца на прыём пры захаванні або ўзмацненні болю ў любы час.
У сераду 30.07.14 у 14.30 Стас зайшоў са сваёй цёткай. Стас скардзіўся, што рука моцна зацякла, боль узмацніўся, пагаршэнне стану адзначыў з вечара 29.07.14, г.зн. з аўторка.
Была знятая гіпсавая лангета, кісць і перадплечча былі цёмнага колеру, ацяклі, халодныя навобмацак. Пульсацыя сасудаў адсутнічала. Пальцы не рухаліся. Стан расцэнены як гангрэна перадплечча ў выніку трамбозу артэрый. Дзіця адпраўлена было ў Аршанскую бальніцу і ў Віцебскую абласную бальніцу.
Я шмат разважаў над гэтым выпадкам, аналізаваў і асэнсоўваў яго, боль у душы вядома ж ёсць.
Я ў хірургіі 37 гадоў. Маю асцярогі, што я сутыкнуўся з вельмі рэдкай паталогіяй, пацвердзілі працы вядомых медыкаў: М.В. Кузіна, А.М. Клічаўскага, П.Н. Фралова, Ю.З. Грошава, М.В. Звёздзінай…
Можна прывесці статыстыку: сіндром здушэння ад гіпсавай павязкі ў дзяцей не апісаны ў медыцынскай літаратуры. Вельмі рэдкая паталогія. 20% мае месца здушэнне рук, 80% — ног, але гэта пры аварыях, катастрофах, землятрусах, а не пасля накладання гіпсавых павязак. Статыстыкі пры накладанні гіпсавых павязак няма.
Абапіраючыся на апісаныя вышэй першакрыніцы, сіндром працяглага здушэння развіваецца такім чынам, што праз 6-15 гадзін здушэння тканак гіпсавай павязкай наступаюць незваротныя змены ў тканках, а менавіта ў цягліцах, клініка якіх бурна нарастае пасля зняцця гіпсавай павязкі: нарастае ацёк, здушваюцца сасуды, надыходзіць гангрэна, гэта і адбылося ў сітуацыі са Стасем. Да мяне пацыент упершыню звярнуўся праз 60 гадзін пасля накладання гіпсавай павязкі.
Пасля ўзнікнення вільготнай гангрэны, у адпаведнасці з медыцынскай літаратурай, можна было паспрабаваць выратаваць руку, выкарыстоўваючы штучную нырку, гемадыяліз, спецыфічныя адсарбенты. Лячэнне такіх хворых немагчыма ў ЦРБ. Таму дзіця было накіравана ў абласны цэнтр.
Дадзены выпадак заслугоўвае пільнай увагі. Тут усё ж быў збег абставінаў: гіпс наклалі ў пятніцу, а наперадзе было два выхадныя, калі былі б наперадзе працоўныя дні, усё было б магчыма зусім інакш.
Паважаныя чытачы, давайце ўсе ўвойдзем у гэтую сітуацыю, бо дадзены выпадак паўплываў на лёс юнага чалавека!
Давайце кіравацца справядлівасцю і толькі так мы зробім нашу медыцыну яшчэ лепшай, а не прынцыпам: "Хто апошні, таго і тапкі"!
Я не спрабую схавацца, уцячы, адмахнуцца! Я хачу справядлівасці! Але чужую памылку на сябе я браць не буду!
Прашу маіх калегаў: хірургаў, траўматолагаў выказаць сваё меркаванне з нагоды дадзенага выпадку і дадзенай паталогіі: сіндрому працяглага здушэння. Загадзя дзякую! Дасылайце свае адказы на электронную скрыню".
Хірург папрасіў даць спасылку на яго электронную скрыню, каб чытачы маглі з ім звязацца: [email protected]
Шасцікласнік Стас 5 дзён скардзіўся на тугі гіпс, пакуль не ампутавалі руку
Фота — Fotolia