Знойдзены чацвёрты загінулы ў Літве амерыканскі вайсковец
Амерыканскія вайскоўцы ў Літве / Elta
Знойдзены чацвёрты загінулы ў Літве амерыканскі вайсковец. Пра гэта ў аўторак паведаміла камандаванне арміі ЗША ў Еўропе і Афрыцы. Ён служыў у 1-й бранятанкавай брыгады 3-й пяхотнай дывізіі. 1 красавіка вайскоўца знайшлі мёртвым недалёка ад Пабрадзе.
63-тонная гусенічная машына M88 Hercules з чатырма амерыканскімі вайскоўцамі на борце знікла 25 сакавіка падчас вучэнняў на палігоне ў Літве недалёка ад мяжы з Беларуссю. Выявілі яе ў багністай мясцовасці на глыбіні каля пяці метраў. Маштабная аперацыя па даставанні машыны заняла некалькі дзён. Выцягнуць яе ўдалося толькі пад раніцу 31 сакавіка. У панядзелак стала вядома, што знайшлі целы толькі трох амерыканцаў. Пошукі чацвёртага вайскоўца працягваліся.
Жыхары Літвы ўшаноўваюць памяць загінулых вайскоўцаў каля амбасады ЗША ў Вільні / delfi.lt