Зноў тэмпературны рэкорд: 26 снежня ў Беларусі было +12,4

Зноў тэмпературны рэкорд: 26 снежня ў Беларусі было +12,4

Пасля аднадзённага перапынку ў Беларусі зноў пастаўленыя тэмпературныя рэкорды. Цяпер абсалютны максімум дня для 26 снежня складае +12,4 градуса. Гэты рэкорд быў зафіксаваны ў Высокім, што ў Брэсцкай вобласці.

У суботу на значную частку Брэсцкай вобласці, на паўднёвы захад Гомельскай і на Гродзенскую вобласць пайшло вельмі цёплае паветра. І хоць сіноптыкі прагназавалі максімум +9, гэты прагноз быў значна перавышаны. Папярэдні рэкорд дня складаў +8,4 градуса і быў зарэгістраваны ў Брэсце 26 снежня 2009 года. 

На астатняй тэрыторыі максімальная тэмпература не перавысіла 3-5 градусаў цяпла, прычым мяжа паміж цёплымі і халаднаватымі паветранымі масамі была вельмі вузкай. Калі ў Баранавічах было 3,6 градуса, то ў Івацэвічах, якія ўсяго ў 70 кіламетрах ад гэтага горада, зафіксавалі ўжо 10,4 градуса цяпла.

Сёння кантрастныя тэмпературы захаваюцца. У Віцебску ўдзень прагназуецца невялікі мароз, а ў Брэсце будзе да +8, інфармуе БелаПАН.

Фота з архіву