Зламаныя дзверы і траўманебяспечную мэблю знайшла пракуратура ў мінскіх каледжах

Аўдыторыя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Пракуратура Першамайскага раёна Мінска праверыла выкананне заканадаўства ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Як перадае прэс-служба ведамства, былі выяўленыя парушэнні санітарна-эпідэміялагічных нормаў. Так, у адным з каледжаў санітарная вопратка захоўвалася з адступленнем ад патрабаванняў, а мэбля ў медпункце была ў нездавальняючым стане.
У іншым каледжы выявілі парушэнні пажарнай бяспекі. Там былі няспраўнымі прылады для аўтаматычнага закрыцця дыманепрапушчальных дзвярэй — яны былі зламаныя ці раз'яднаныя. Абсталяванне каледжа было ў такім стане, што магло прывесці да траўмавання навучэнцаў. У медпункце не было кранаў з локцевым кіраваннем, што не адпавядае санітарным патрабаванням.
Таксама выявілася, што рамонт, які пачаўся ў каледжы ў 2023 годзе, вядзецца з парушэннем тэрмінаў. Пры гэтым адміністрацыя не паклапацілася пра належную бяспеку для навучэнцаў ва ўмовах будаўнічых работ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.