Карпянкоў хоча яшчэ болей ільготаў для "ваенна-патрыятычных" клубаў

Удзельнікі "ваенна-патрыятычнага" клуба

Удзельнікі "ваенна-патрыятычнага" клуба / t.me/vpkvvrb

Для выпускнікоў "ваенна-патрыятычных" клубаў (ВПК) прапануецца пашырыць ільготы пры паступленні ў ВНУ, у тым ліку на журналісцкія спецыяльнасці. Такую прапанову агучыў намеснік міністра — кіраўнік унутраных войскаў МУС Мікалай Карпянкоў.

Ён прапанаваў адрэдагаваць указ Лукашэнкі аб развіцці ВПК, падпісаны ў траўні 2022-га. Карпянкоў прапанаваў, каб у дакуменце былі прадугледжаныя замежныя паездкі выхаванцаў ВПК у "дружалюбныя нам дзяржавы для ўдзелу ў спартыўных, ваенна-патрыятычных і аздараўленчых мерапрыемствах" за кошт дзяржаўнага і мясцовага бюджэту.

Таксама ён прапанаваў пашырыць пералік ВНУ, куды могуць паступаць выпускнікі ВПК з ільготамі, на сёння прадугледжанымі толькі для ВНУ сілавога профілю. Карпянкоў мяркуе, што льготы пры паступленні павінныя быць "на педагагічныя, медыцынскія, юрыдычныя спецыяльнасці, групу спецыяльнасцяў "Фізічная культура і спорт", на журналістыку і спецыяльнасць "ваенна-патрыятычнае выхаванне".

Акрамя таго ён хоча вылучыць на выбарах у палату прадстаўнікоў "кандыдата ад нашых ВПК і "Маладой гвардыі".

На сённяшні дзень у сістэме адукацыі існуе каля 1200 "ваенна-патрыятычных" клубаў. У іх займаецца больш за 16 тысяч навучэнцаў. Пад патранажам МУС знаходзяцца 207 клубаў і 6 тысяч выхаванцаў, сярод якіх 15% — дзеці сілавікоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.