Амаль 6 тысяч дзяцей у Беларусі прывязаныя да ваенізаваных клубаў
Школьнікі з аўтаматам, ілюстрацыйнае фота / t.me/zapadny_rubesz/
У Беларусі дзейнічаюць 186 ваенна-патрыятычных клубаў (ВПК) пры МУС. Па стане на лістапад 2025 года ў іх займаюцца 5879 дзяцей.
Як адзначаюць праваабаронцы з MayDay, ВПК створаныя не толькі пры РАУС у абласных цэнтрах, але і практычна ў кожным райцэнтры. Іх праца грунтуецца на ўказе Лукашэнкі ад 4 траўня 2022 года "Аб развіцці ваенна-патрыятычных клубаў". У гэтым указе гаворыцца таксама пра бясплатнае забеспячэнне падлеткаў (з дзяржаўнага бюджэту) спецыяльнай вайсковай формай і абуткам, харчаваннем і рыштункам.
У Мінадукацыі нават зацвердзілі праграму дадатковай адукацыі. Для дзяцей ад 12 да 14 гадоў распрацавалі базавы курс з тэрмінам навучання два гады, а для падлеткаў ва ўзросце 15-17 гадоў – павышаны аднагадовы курс. Пасля заканчэння трохгадовага курсу падлеткі атрымліваюць спецыяльнае пасведчанне аб дадатковай адукацыі і маюць права на льготы пры паступленні ў ВНУ МУС.
Раней НАУ і BELPOL у сумесным дакладзе адзначалі, што рэжым Лукашэнкі займаецца мілітарызацыяй дзяцінства.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што мілітарысцкая прапаганда можа лічыцца злачынствам супраць дзяцінства.