Адміністрацыя віцебскага каледжа хавала траўмы двух падлеткаў

Хуткая дапамога

Хуткая дапамога / Еўрарадыё

Праверка пракуратуры Віцебска выявіла, што адміністрацыя мясцовага каледжа фактычна хавала інфармацыю пра інцыдэнт, падчас якога пацярпелі два непаўналетнія навучэнцы.

Здарэнне адбылося ў верасні ў навучальным корпусе ўстановы. Вучань бег па калідоры і наляцеў на дзверы, якія раптоўна адчыніліся. Ад удару ў дзвярах разбілася шкло, і два падлеткі атрымалі глыбокія рэзаныя раны, што запатрабавала шпіталізацыі і накладання швоў.

Адміністрацыя каледжа, як выявілі ў пракуратуры, адзначыла ў дакументах толькі аднаго траўмаванага. Атрыманыя пашкоджанні былі неабгрунтавана кваліфікаваныя як "мікратраўмы", што дазволіла пазбегнуць абавязковага спецыяльнага расследавання. Пры гэтым законных прадстаўнікоў непаўналетніх і вышэйшыя органы адміністрацыя паінфармавала неналежным чынам.

Па выніках праверкі чатыры службовыя асобы каледжа атрымалі дысцыплінарныя пакаранні. Матэрыялы па факце траўмавання навучэнцаў перадалі ў міліцыю для далейшай праверкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.