Лукашэнка змяніў правілы ўступнай кампаніі

Абітурыенты, ілюстрацыйнае фота

Абітурыенты, ілюстрацыйнае фота

6 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб удасканаленні ўступнай кампаніі".

Згодна з ім створаная Дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі. Узначаліць яе віцэ-прэм'ерка Наталля Пяткевіч. Гэтая ж камісія будзе кантраляваць правядзенне ўніверсітэцкіх алімпіяд, якія даюць права на льготнае паступленне ў ВНУ.

Указ уносіць змены ў некаторыя палажэнні Правілаў прыёму асоб для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Так, для паступлення ў ВНУ на завочную форму больш не патрабуецца мець працоўны стаж па абраным профілі адукацыі. Таксама ўдакладняюцца катэгорыі асоб, якія маюць ільготы пры залічэнні ва ўстановы адукацыі ў сувязі са стварэннем каледжа Міністэрства ўнутраных спраў.

Акрамя таго ўводзіцца профільнае выпрабаванне па навучальным прадмеце "Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі", бо ў 10-11-х класах вывучаюць гэтую дысцыпліну замест "Гісторыі Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.