Збіты фанат: Я заяву не пісаў і не хацеў, каб справу распачыналі!
Суд Жыткавічаў 28 снежня вынес прысуд 17-гадоваму футбольнаму фанату з Калінкавічаў. За збіццё фаната іншага клуба хлопцу далі паўтара года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на год. Ён таксама павінен адпрацаваць 60 гадзінаў на грамадска карысных працах.
Апроч асноўнага пакарання асуджаны павінен таксама сплаціць пацярпеламу 6 мільёнаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. У сувязі з тым, што фігурант справы не мае дастатковых сродкаў, дадатковую адказнасць па выплаце гэтай кампенсацыі ўсклалі на яго маці. Прысуд быў абвешчаны 28 снежня, аднак пакуль не набыў законнай сілы.
Але ні пацярпелы, ні пакараны нападнік каментаваць Еўрарадыё прысуд не жадаюць. Першы, Віктар, на пытанне, ці задаволены ён прысудам, адказвае: “Мне ўсё роўна, мне гэта не цікава”. Другі, Яўген, на прапанову пагаварыць дае адмову: “Відаць, я адмоўлюся: яно мне не трэба — усё скончылася нармальна. Мне славы хопіць”.

Асуджаны
Нагадаю, паводле следства, у верасні юны футбольны фанат з Калінкавічаў прыехаў у Жыткавічы падтрымаць з сябрамі футбольны клуб “Вертыкаль”, які сустракаўся з мясцовым “ЮА-Буд-Жыткавічы”. Пасля гульні фанаты з Калінкавічаў увязаліся ў канфлікт з апанентамі. Жыткавіцкія заўзятары паўцякалі, пакінуўшы аднаго са сваіх сяброў у атачэнні непрыяцеляў. Падазраваны запатрабаваў у хлопца адмовіцца ад ідэі антыфашызму і збіў яго.
Гвалт суправаджаўся відэаздымкай, якая пазней была размешчаная ў сацыяльных сетках. Цікава, што справы міліцыянеры распачалі на падставе выключна гэтага запісу.
“Я заяву ў міліцыю не пісаў, — кажа Віктар. — А калі я заяву не пісаў, то гэта азначае, што я ўвогуле не хацеў, каб справу распачыналі!”
Заяву не пісаў не толькі пацярпелы падлетак, але і яго маці — пра гэта яна казала ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё. Што справу распачалі на падставе відэазапісу, пацвярджае і асуджаны фанат з Калінкавічаў. І дадае: “Усё, што кажа міліцыя, так і ёсць”.
Тым не менш хлопец адмаўляе, што прытрымліваецца неанацысцкіх поглядаў.
Еўрарадыё: Але на відэа вы патрабуеце ад іншага фаната адмовіцца ад антыфашысцкіх поглядаў — навошта?
Яўген: Гэта не было задумана, усё было спантанна… правакацыя такая…
Што да майкі з “Пагоняй”, якая была на ім падчас паездкі на матч у Жыткавічы, Яўген кажа, што набыў яе праз інтэрнэт. На пытанне: “За якія футбольныя клубы ўвогуле заўзееце?” адказвае коратка: “Ужо ні за якія”. У адрозненне ад свайго крыўдзіцеля, Віктар застаецца фанатам мясцовага клуба “ЮА-Буд-Жыткавічы”. Цікаўлюся, як, на яго думку, пасля гэтага суда і вынесенага ім прысуду Яўгену складуцца ўзаемаадносіны паміж футбольнымі фанатамі Калінкавічаў і Жыткавічаў, што будзе падчас іх наступнай сустрэчы. “Адкуль я ведаю!” — эмацыйна адказвае Віктар.
Што да 6 мільёнаў маральнай кампенсацыі, якую яму прысудзілі, то хлопец яе пацярпеламу пакуль не сплаціў. Праўда, тут узнікае пытанне: калі ні збіты Віктар, ні яго маці заяву ў міліцыю не пісалі, на якой падставе суд прыняў рашэнне аб выплаце кампенсацыі? Па словах Яўгена, такое патрабаванне раптоўна з’явілася ў маці пацярпелага.