Затрымалі заснавальнікаў аднаго з найбуйнейшых таксапаркаў Беларусі

Затрыманне падазраваных па "справе таксапарка" / МУС
Супрацоўнікі МУС затрымалі мужа і жонку — заснавальнікаў аднаго з найбуйнейшых таксапаркаў Беларусі. Таксама затрыманыя чатыры менеджары кампаніі. Іх усіх падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, на іх пачалі крымінальную справу, паведамляюць у МУС.
Паведамляецца, што ў фірме працавала больш за тысячу кіроўцаў. Паводле версіі МУС, кампанія значна заніжала ў дакументах заробкі супрацоўнікаў. Ім выплочвалі "заробкі ў канвертах" ці налічвалі грошы "пад выглядам кампенсацыі фіктыўных выдаткаў на паліва або абслугоўванне аўтамабіля".
Сцвярджаецца, што кіроўцы працавалі без таксометраў і касавых апаратаў, квітанцыі кліентам не выдаваліся. Паводле падлікаў аператыўнікаў, кампанія недаплаціла ў бюджэт каля пяці мільёнаў рублёў.
"Атрыманы і абнаяўлены звышпрыбытак выдаткоўваўся на набыццё элітных аб'ектаў нерухомасці, транспартных сродкаў бізнес-класа, прадметаў раскошы", — заяўляюць у МУС.
Каб пазбегнуць падатковай праверкі, таксапарк фармальна змяніў юрыдычны адрас. У міліцэйскім ведамстве заяўляюць, што раней затрыманыя вялі такую ж дзейнасць пры кіраўніцтве "так званымі чорнымі таксапаркамі, перааформленымі на падстаўных асоб-замежнікаў".
Падчас ператрусу ў сямейнай пары канфіскавалі дарагія аксэсуары, тры іншамаркі, вялікую суму гатоўкай. Таксама сярод рэчаў, як адзначаюць у МУС, знайшлі інструкцыю, як паводзіць сябе падчас допыту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.