За заўвагу пра гучную музыку мінчука забілі, а цела засыпалі цэментам

Крымінальная справа, ілюстрацыйнае фота

Крымінальная справа, ілюстрацыйнае фота / sb.by

У Мінску забілі мужчыну, а яго цела закапалі і засыпалі цэментам. Трагедыя адбылася сёлета ў кастрычніку, паведамляе Следчы камітэт.

Паводле інфармацыі следства, два браты, 54 і 60 гадоў, выпівалі дома і гучна слухалі музыку ў позні час. У нейкі момант адзін з мужчын пайшоў спаць. А неўзабаве да іх у кватэру пагрукаўся 35-гадовы сусед, які папрасіў пацішыць гучнасць і не шумець. Адзін з гаспадароў кватэры пачаў сварыцца з суседам. На крыкі выйшаў старэйшы з братоў, які нечакана ўзяў нож і некалькі разоў ударыў госця ў шыю. Удары аказаліся смяротнымі.

Праз некалькі дзён у міліцыю звярнулася маці мужчыны, якая заявіла пра яго знікненне. Жанчына расказала, што апошні раз бачыла сына ў дзвярное вочка, калі той ішоў да суседзяў.

"Следча-аператыўнай групай у смеццевым кантэйнеры паблізу дома выяўленыя рэчы зніклага са слядамі крыві. Акрамя гэтага, увагу міліцыянтаў прыцягнулі камеры відэаназірання ў пад'ездзе, становішча якіх з невядомых прычынаў аказалася змененым. Неўзабаве стала вядома, што мужчыны, да якіх падымаўся загінулы, з'ехалі", — паведамляюць у СК.

Неўзабаве братоў затрымалі. Выявілася, што мужчыны праз некалькі дзён вырашылі пазбавіцца ад цела загінулага. Яго закруцілі ў капу, вынеслі з кватэры і паклалі ў багажнік аўтамабіля. Потым яны паклалі забітага ў яму, выкапаную ў лесе каля іх лецішча, засыпалі цэментам і закапалі.

Следча-аператыўная група знайшла цела зніклага мужчыны на тым месцы, якое паказалі падазраваныя. На братоў пачалі крымінальную справу за забойства, здзейсненае групай асоб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.