За кватэру палітуцекача на аўкцыёне спрачаліся сем пакупнікоў
 
  Кватэра Алега Талерчыка / e-auction.by
Праз аўкцыён у Мінску прадалі аднапакаёвую кватэру, уладальнікам якой значыцца Алег Талерчык — палітуцякач, былы супрацоўнік Генпракуратуры, які раней уваходзіў у ініцыятыву BYPOL.
Абвестка аб продажы нерухомасці з'явілася на анлайн-пляцоўцы "БелЮрЗабеспячэння". У ёй гаварылася, што прадаецца кватэра па вуліцы Лідскай агульнай плошчай 47,1 квадратнага метра. Абцяжаранне — арышт следчых органаў, забарона здзяйснення рэгістрацыйных дзеянняў.
Пачатковы кошт лота — 174 тысячы рублёў. На кватэру знайшлося адразу сем пакупнікоў, якія таргаваліся да позняй ночы. Таргі пачаліся 30 кастрычніка ў 9:00, а завяршыліся ўжо ўначы 31-га. Удзельнікі аўкцыёну пастаянна павышалі стаўкі. Урэшце кватэру прадалі за 229 680 рублёў.
Алег Талерчык пакінуў Беларусь пасля 2020 года. Ён уваходзіў у аб'яднанне экс-сілавікоў BYPOL, але пакінуў яго ўвосень 2022-га
У лютым 2024 года па справе BYPOL яму прысудзілі 12 гадоў пазбаўлення волі і штраф у 40 тысяч рублёў. Пад арыштам апынуліся кватэра ў Мінску і аўтамабіль.
 
     
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
