Мінчук 20 дзён хаваўся ў лесе, каб не трапіць на Акрэсціна

Намёт, у якім жыў Аляксандр

Намёт, у якім жыў Аляксандр / архіў Аляксандра Худзічава

Палітвязень Аляксандр Худзічаў 20 дзён хаваўся ў лесе, каб не трапіць на Акрэсціна. Потым яго выратавала эвакуацыйная служба фонду BySol.

Аляксандру 40 гадоў. У чатыры гады ён асірацеў і трапіў у Клецкі дзіцячы дом, а падлеткам вярнуўся ў Мінск і паступіў на будаўніка ў вучэльню. Як піша "Наша Ніва", мужчына змяніў некалькі месцаў працы, пакуль не пайшоў у бляхары. У 2020 годзе ён працаваў у прыватнай фірме бляхаром і кіраўніком вытворчасці.

Увосень 2020-га ён атрымаў 15 сутак арышту за фота з пратэстаў. Пасля гэтага Аляксандр і яго грамадзянская жонка заўважылі, што мясцовая апека рэзка зацікавілася ўмовамі, у якіх жыве іх сын. Каб дзіця не забралі, жонка Аляксандра з сынам вырашылі з’ехаць у Польшчу.

У студзені 2025‑га Худзічава затрымалі губазікаўцы. За кратамі ён правёў два з паловай месяцы. Пасля гэтага яго зноў асудзілі за тое самае фота з маршаў — прысудзілі два з паловай гады "хатняй хіміі".

Інспектарка, якая кантралявала яго, незалюбіла і стала адсочваць парушэнні. Правілы для "хімікаў" складзеныя так, што паводле іх можа неставаць часу нават на простыя побытавыя патрэбы — напрыклад, зайсці ў краму.

Пасля першага парушэння Аляксандр правёў пяць дзён на Акрэсціна. У ліпені 2025‑га яго зноў не заспелі ў належны час дома. Тады яму затэлефанавала інспектарка і сказала, каб ён прыйшоў без рэчаў, бо яго зноў адправяць "на суткі".

Вяртацца ў пякельныя ўмовы Худзічаў не захацеў і папрасіў знаёмага, каб той адвез яго ў лес у Віцебскай вобласці. Там ён паставіў намёт, у якім пражыў 20 дзён. "Я хадзіў у вёску недзе за чатыры кіламетры адтуль, прасіў у краме, каб мне падзарадзілі тэлефон. А так увесь час жыў у палатцы. Лавіў рыбу, збіраў грыбы. Раней я трохі хадзіў у паходы, ездзіў на рыбалку, але не было такога, каб фактычна без нічога жыць у лесе", — кажа мужчына.

Кажа, што людзей асцерагаўся больш, чым звяроў: "Больш баяўся людзей. Пару разоў чуў, як недалёка праязджалі машыны, дык думаў, можа, прыехалі па мяне — адсачылі па тэлефоне, які я часам уключаў".

Адтуль, з лесу мужчына звязаўся са службай эвакуацыі BySol. У канцы жніўня яму дапамаглі выехаць спачатку ў Літву, а потым у Польшчу, каб быць бліжэй да сына і сяброў. Цяпер ён апынуўся ў Варшаве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.