З Новага году ў мінскім метро перастануць рабіць абвесткі па-англійску
Год гасціннасці скончыўся і таму замежнай мовай можна не карыстацца, палічылі ў дырэкцыі метрапалітэну.
З 1 студзеня ў мінскай падземцы перастануць гучаць англамоўныя абвесткі ў вагонах цягнікоў і на станцыях. Гэта тлумачаць тым, што цягнікі не ўпісваюцца ў графікі стаянкі, піша Onliner.ru
“Па-першае, Год гасціннасці ў Беларусі заканчаецца. Па-другое, англамоўныя абвесткі моцна падаўжалі прыпынак. Бо машыніст не мае права зачыніць дзверы, пакуль рэтранслятар не скончыць паведамлення. Спачатку “Асцярожна, дзверы зачыняюцца”, а потым "Please, mind the closing doors". Уявіце, колькі гэта займае часу. Так што рашэнне мае простую логіку, не трэба тут шукаць падводныя камяні”, — пракаментаваў рашэнне прэс-сакратар метрапалітэна Андрэй Кузьмін.
Замежная мова пачала гучаць у мінскім метро перад чэмпіянатам свету па хакеі, які прайшоў сёлета ў траўні. Адметна, што нават у англамоўных абвестках назвы саміх станцыяў гучалі па-беларуску.