Юнака, які даў аплявуху скульптуры "Мінскага гарадавога", вырашылі не караць

Юнака, які даў аплявуху скульптуры "Мінскага гарадавога", вырашылі не караць. Справу 16-гадовага Арсенія разглядала камісія па справах непаўналетніх і не знайшла ў яго дзеяннях складу правапарушэння, інфармуе партал tut.by. Як вядома, адміністрацыйны пратакол па факце "дробнага хуліганства" склалі міліцыянеры, якія затрымлівалі хлопца. Але камісія атрымала адказ з Мінгарвыканкама пра тое, што "Мінскі гарадавы" не з'яўляецца помнікам ці гісторыка-культурнай каштоўнасцю, гэта проста скульптурная кампазіцыя. Таму справа спынена. З Арсеніем абмежаваліся размовай.
Здарэнне на вуліцы Гарадскі Вал насупраць будынка МУС адбылося 14 лістапада. Арсеній не мог і ўявіць, што скульптура знаходзіцца пад кругласуткавым відэаназіраннем. Таму яго затрымалі. Апытвалі юнака аднаго, у адсутнасць законнага прадстаўніка. Гэта, як і тое, што ён падпісваў нейкія дакументы, з'яўляецца парушэннем. А што ўжо казаць пра відэа, распаўсюджанае МУС, на якім хлопец просіць прабачэння ў міліцыянераў і... помніка (а як ужо вядома, помнікам ён не з'яўляецца). Інтэрнэт проста выбухнуў абурэннем, прайшоў флэшмоб салідарнасці. Нават у шоу "Макаёнка, 9" на тэлеканале "Беларусь 1" пажартавалі з міліцыі і "Мінскага гарадавога".
А 28 лістапада стала вядома, што ад пасады начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Беларусі вызвалілі Георгія Яўчара. І, нібыта, звязана гэта са згаданым відэаролікам. Праўда, сам Яўчар сцвярджае, што заканчвае службу "у сувязі з поўнай выслугай гадоў".