Віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў сустрэўся з кіраўніком сената парламента Чэхіі

Віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў сустрэўся з кіраўніком сената парламента Чэхіі

Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі лічыць канструктыўнай пазіцыю Чэхіі ў пытанні наладжвання адносінаў Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Пра гэта заявіў 22 сакавіка ў Празе на сустрэчы са старшынёй сената парламента Чэхіі Міланам Штэхам.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Палаты прадстаўнікоў, бакі абмеркавалі пытанні двухбаковага супрацоўніцтва.

Штэх выказаўся за актывізацыю дыялогу паміж Чэхіяй і Беларуссю ва ўмовах новых палітычных рэаліяў. Бакі прыйшлі да высновы пра неабходнасць шукаць новыя ўзаемавыгадныя формы супрацоўніцтва. Асновай для такога супрацоўніцтва павінны стаць гандлёва-эканамічныя адносіны.  

Беларуская парламенцкая дэлегацыя знаходзіцца з візітам у Чэхіі з 22 па 25 сакавіка. Яна таксама паспела сустрэцца з выканаўчым дырэктарам Чэшскай гандлёва-прамысловай палаты па краінах СНД Францішакам Масапустам і абмеркавала ўдзел кампаній у выставачных мерапрыемствах і інвестыцыйных форумах у Беларусі і ў Чэхіі.