Велакасцюм і кантактавыя педалі не выратавалі мінскага раварыста ад затрымання

Аляксей Адамовіч / фота з сацыяльных сетак
Аляксей Адамовіч / фота з сацыяльных сетак

Удзень 27 снежня сілавікі затрымалі на захадзе Мінска раварыста Аляксея Адамовіча. У горадзе ў гэты момант праходзілі нядзельныя маршы. Але жонка хлопца Карына сцвярджае, што Аляксей у іх не ўдзельнічаў.

"Лёша ехаў на ровары дадому з спаборніцтваў па плаванні. Ровар — асноўны від яго транспарту, ён ездзіць на ім і зімой, і летам. Яшчэ гэта яго сродак для працы, бо ён трэнер па трыятлоне. І настаўнік фізкультуры ў школе, адкуль яго могуць звольніць", — расказвае дзяўчына.

Падчас затрымання Аляксей і праўда быў больш падобны да спартсмена, чым да ўдзельніка пратэставай акцыі. У яго не было з сабой ніякай сімволікі. Больш за тое: хлопец быў у велакасцюме і на кантактавых педалях. Але ад затрымання гэта не выратавала. Хлопца даставілі ў Маскоўскае РУУС, а пасля — у ІЧУ на Акрэсціна.

Карына "з маленькім боем" перадала яму туды цёплыя рэчы і абутак:

"Важна было перадаць, бо ён быў у велаформе. Калі ў ёй не рухаешся, халаднавата. Дый велатуфлі ў жыцці так сабе выгода". 

Ад супрацоўнікаў дзяўчыне ўдалося даведацца, што муж затрыманы па артыкуле 23.34 ("Парушэнне парадку і правядзення масавага мерапрыемства"). На пытанне, за што ён быў затрыманы, ёй адказалі: "Ехаў на ровары ў горадзе!"

У сям'і Аляксея і Карыны двое маленькіх дзяцей, адно з якіх — грудное.

Ровар для сілавікоў падчас пратэставых акцый — як чырвоная ануча для быка. Кіраўнікі сілавых ведамстваў раней неаднаразова заяўлялі, што раварысты на акцыях каардынуюць пратэстоўцаў.

11 кастрычніка ў Мінску жорстка затрымалі архітэктара Мікіту Домрачава, брата біятланісткі Дар'і Домрачавай. Хлопец ехаў па набярэжнай Свіслачы ўздоўж вуліцы Зыбіцкай, дзе ў гэты момант сілавікі праводзілі зачыстку. Яго сцягнулі з ровара, збілі, а пазней аштрафавалі за ўдзел у "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве".

Суд над Аляксеем Адамовічам мае прайсці 28 верасня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.