Узровень радыяцыі ў сушаных грыбах з-пад Нароўлі перавышаны ў шэсць разоў

Сушаныя грыбы

Сушаныя грыбы / gp.by

На Гомельшчыне ўсё яшчэ небяспечна збіраць грыбы. Гэта выявілі даследаванні, якія ў верасні правялі падраздзяленні радыяцыйнага кантролю тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі вобласці.

Агулам яна правялі даследаванні 699 пробаў харчовых прадуктаў і 61 пробу вады на ўтрыманне цэзію-137, паведамляе "Гомельская правда".

131 пробу ўзялі з дзяржаўнага сектару. Там спецыялісты не выявілі перавышэнняў гігіенічных нарматываў утрымання цэзію-137 і стронцыю-90 у харчовых прадуктах і вадзе.

568 пробаў харчовых прадуктаў было праверана з прыватнага сектару. Перавышэнні гігіенічных нарматываў выяўленыя ў 17 выпадках — 14 пробаў свежых грыбоў і прадуктах іх перапрацоўкі, а таксама ў трох пробах сушаных грыбоў. Перавышэнні зарэгістраваныя ў Веткаўскім, Ельскім, Калінкавіцкім, Кармянскім, Нараўлянскім, Хойніцкім раёнах.

У Кармянскім раёне ўтрыманне цэзію-137 у грыбах было перавышанае амаль у чатыры разы — 1828 Бк/кг пры нарматыве 500 Бк/кг.

У сушаных грыбах з-пад Нароўлі радыяцыя была перавышаная больш як у шэсць разоў — 16 399 Бк/кг пры нарматыве 2500 Бк/кг.

У 75 узятых пробах вады і харчовых прадуктаў на ўтрыманне стронцыю-90 перавышэнняў нарматыву не выявілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.