Улады патрабуюць прызначыць ідэолагаў у прыватныя кампаніі

У прыватных кампаніях будуць ідэолагі

У прыватных кампаніях будуць ідэолагі / pexels.com

Выканкамы рассылаюць па прыватных кампаніях Мінска лісты з патрабаваннем даць справаздачу пра наяўнасць у штаце "ідэолагаў". Гэта значыць, у прыватнай кампаніі павінен быць спецыяліст, адказны за ідэалагічную работу.

Журналісты выдання "Зеркало" азнаёміліся з такім лістом. У ім патрабуюць даць інфармацыю аб работніку, які курыруе ў арганізацыі пытанні ідэалагічнай працы: характарыстыка, даведка-аб'ектыўка, кантактныя даныя. Адказ трэба накіраваць ва ўпраўленне па ідэалагічнай рабоце выканкама раёнаў Мінска. Чыноўнікі спасылаюцца на дырэктыву №12 Лукашэнкі "Аб рэалізацыі асноваў беларускай дзяржавы". Дакумент быў падпісаны яшчэ ў красавіку, але некаторыя яго палажэнні набылі моц толькі 9 ліпеня. Адзін з іх — пункт пра неабходнасць ідэолагаў нават у прыватных арганізацыях. Узгадняць кандыдатуру ідэолага трэба ў выканкамах (калі ў кампаніі працуе больш за 600 чалавек) і раённых адміністрацыях (калі менш за 600).

Ва ўпраўленні ідэалагічнай работы адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска журналісту "Зеркала", які затэлефанаваў як прыватная асоба, пацвердзілі рассылку такіх лістоў.

Галоўная спецыялістка ўпраўлення Аляксандра Рагуцкая заявіла, што "ідэолагам" можна прызначыць кагосьці з кіраўніцтва кампаніі: "Гэта можа быць дырэктар, хтосьці з яго намеснікаў. Начальнік кадраў таксама можа быць".

Чыноўніца расказала, як будзе выглядаць "ідэалагічная работа": "Глядзіце, вы нам падаеце дакументы, мы вас запрашаем на сумоўе з намеснікам кіраўніка адміністрацыі, які непасрэдна курыруе сацыяльную сферу. Пасля гэтага пачынаем з вамі працаваць датычна мерапрыемстваў, сустрэч вашага працоўнага калектыву з кіраўніцтвам адміністрацыі і гэтак далей".

На пытанне, што пагражае за адмову ад прызначэння "ідэолага", Рагуцкая адказала так: "Штрафу не прадугледжана, але, тым не менш, вы ж разумееце, што мы ад вас не адстанем".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.