У Жлобіне закрываецца легендарная фабрыка штучнага футра

Продаж цацак на вакзале ў Жлобіне / anonimusi.livejournal.com
У Жлобіне закрываецца легендарная фабрыка БЕЛФА — самы буйны ў Еўропе вытворца штучнага і ваўнянага футра на трыкатажнай аснове. Чуткі пра гэта ходзяць у райцэнтры ўжо з месяц, пішуць тг-каналы. Афіцыйнай інфармацыі, аднак, няма.
Штучнае футра з гэтай фабрыкі мясцовыя майстры выкарыстоўвалі для шыцця мяккіх цацак. У 2000-х гадах прадаўцы яркіх цацак масава абляплялі цягнікі на жлобінскім вакзале.
Фабрыка паспяхова працавала больш за 40 гадоў, але ў апошнія гады "вырабляла" пераважна страты, піша "Флагшток". Па выніках 2024 года чыстыя страты прадпрыемства сталі рэкорднымі — 3 млн 159 тыс. рублёў (больш за 1 млн долараў). Па выніках 2023 года страты склалі 2 млн 276 тыс. рублёў.
Журналісты "Флагштока" датэлефанаваліся на фабрыку ад імя пакупнікоў. Ім пацвердзілі, што вытворчасць спынілася, а прадпрыемства рыхтуюць да закрыцця: "Ліквідацыйны перыяд пачнецца з 11 жніўня. Працягнецца да 10 траўня з магчымым наступным падаўжэннем. Фабрыка ўжо нічога не робіць, вытворчасць стаіць. Работнікаў пераводзяць каго на 2/3, каго — за свой кошт".
Цяпер прадпрыемства распрадае прадукцыю, якая назапасілася на складах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.