У Швецыі 8-гадовы хлопчык з Англіі загінуў ад гранаты, кінутай у акно
У шведскім Гётэборгу загінуў васьмігадовы хлопчык, калі ў акно кватэры нехта кінуў гранату, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Юсуф Варсаме прыехаў з англійскага Бірмінгема ў госці да сваякоў. У Швецыі ён гасцяваў разам з мамай, братам і сястрой.
Хлопчык памёр па дарозе ў лякарню. Яго маці, а таксама брат і сястра знаходзіліся ў тым жа пакоі, куды заляцела граната, але яны атрымалі толькі лёгкія раненні.
Шведская паліцыя мяркуе, што напад мог быць звязаны з крымінальнымі разборкамі. Па гэтым адрасе быў зарэгістраваны мужчына, якога асудзілі за ўзброены напад у сакавіку 2015 года. Тады група людзей з аўтаматамі ўварвалася ў паб, і забіла мужчыну, які раней трапляў пад увагу паліцыі, а таксама выпадковага наведвальніка. Па гэтай справе былі асуджаныя восем чалавек.