У Мінску зафіксаваны першы сёлета тэмпературны рэкорд

У Мінску зафіксаваны першы ў 2016 годзе тэмпературны рэкорд. 30 студзеня слупок тэрмометра ўзняўся да адзнакі +4,2. Папярэдні максімум гэтага дня быў зафіксаваны ў 1995 годзе і складаў +3,8 градуса.
Найцяплейшым днём у гэтым годзе было 28 студзеня — 5,4 градуса, але гэта на 1,6 градуса меней рэкорда 33-гадовай даўніны, перадае БелаПАН.
У Віцебску тэмпературныя рэкорды абнаўляюцца другі дзень запар. 29 студзеня паветра прагрэлася да плюс 3,3 градуса (было 3,2 у 2002 годзе), 30-га — да 4,9 (+3 у 1995 годзе). 28 студзеня паўтарыўся рэкорд 33-гадовай даўніны (+4,1).
У Магілёве 30 студзеня рэкорд дня пабіты — 3,7 градуса супраць 3,3 у 1995 годзе, 28 студзеня — паўтораны (4,3 у 1990 годзе). У Гродне 30 студзеня рэкорд паўтораны (6,5 градуса ў 2002 годзе).
У сувязі з адлігай зменшыўся снегавы покрыў: у Брэсцкай і Гродзенскай вобласці, а таксама на паўночным захадзе Міншчыны снег амаль растаў.