У Мінску пачнуць тэставаць аплату праезду банкаўскімі карткамі

Такі сэрвіс ужо працуе ў Магілёве і Баранавічах / pixabay.com
У Баранавічах пасажыры могуць аплачваць праезд у аўтобусах банкаўскай карткай. Пакуль што паслуга дзейнічае толькі на адным з самых запатрабаваных маршрутаў — №16.
Кошт праезду пры аплаце карткай адпавядае цане звычайнага папяровага квітка. Каб аплаціць, дастаткова прыкласці банкаўскую карту да валідатара. Да аплаты прымаюцца карты Белкарт, Visa і Mastercard любога беларускага банка, а таксама смартфоны з падтрымкай сэрвісу Белкарт Pay.
У лютым 2025 года аналагічная сістэма аплаты з’явілася ў тралейбусах Магілёва. Паводле дадзеных распрацоўшчыкаў, з таго часу было здзейснена больш за мільён аплат.
Хутка і ў Мінску пачнуць укараняць падобную сістэму. Паводле слоў намесніка гендырэктара “Мінсктранса” Рамана Прановіча, у сталіцы сістэма дазволіць сумяшчаць розныя спосабы аплаты: бескантактнай смарт-картай, праз мабільную праграму або NFC-модуль і банкаўскай карткай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.