У Мінску знайшлі зніклага 11-гадовага хлопчыка
У Мінску і Мінскім раёне шукалі 11-гадовага хлопчыка. Вучань 5-га класа Арсеній Несцяровіч, жыхар аграгарадка Бальшавік, пайшоў з дому ў чацвер каля 17-й гадзіны і яго месцазнаходжанне было невядомае.
Як паведаміў БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік УУС Мінаблвыканкама Яўген Сачак, маці ненадоўга пакінула хлопчыка дома аднаго, а калі вярнулася, яго ўжо не было. Мяркуецца, што ён мог паехаць у Мінск і знаходзіцца каля гандлёвых цэнтраў ці рэстаранаў хуткага харчавання. Арсеній навучаецца ў Гарадзейскай школе-інтэрнаце. Раней ён ужо сыходзіў з дому. Міліцыя прасіла грамадзян дапамагчы ў пошуку хлопчыка і распаўсюдзіла арыенціроўку.
Арсенія Несцяровіча знайшоў кіроўца сталічнай маршруткі. На канечным прыпынку хлопчык не выйшаў і гэта выклікала падазрэнне. Мужчына адвёз падлетка ў міліцыю.