У мінскім метро забаранілі хадзіць у слухаўках і з радыёпрымачом

Урад Беларусі зацвердзіў новыя правілы аб перавозцы пасажыраў у электрычным транспарце і метрапалітэне. З галоўных новаўвядзенняў — у метро ўжо нельга знаходзіцца ў слухаўках, з радыёпрымачом і басанож. Босымі ў метрапалітэн і так ніхто, здаецца, не хадзіў, піша "Наша ніва".

Пасажырам метро таксама забараняецца "бегаць па прыступках лесвічных спускаў і платформах". Але бегаць па эскалатарах не забараняецца. Пасажырам забараняецца парушаць спакой іншых людзей: напрыклад, іграць на музычных інструментах, ездзіць па станцыі на роварах, ролікавых каньках і іншых падобных сродках (за выключэннем інваліднай каляскі).

Асобны пункт у правілах метрапалітэна цяпер прысвечаны агляду пасажыраў. Пры адмове здаць для праверкі багаж пасажыра маюць права не пусціць у метро. Апошняе новаўвядзенне звязана з пільнасцю пасля тэракта ў мінскім метро ў 2011 годзе.