У Мінск прыбыў спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс

Спецпрадстаўнік Еўрасаюза па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс прыбыў у Беларусь ўвечары 8 сакавіка. Паводле інфармацыі беларускага МЗС, яго візіт арганізуецца ўпершыню дзеля спрыяння далейшаму развіццю дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і ЕС, які быў адноўлены ў ліпені 2015 года.
Як паведамлялася раней, візіт Ламбрынідзіса будзе працягвацца да 11 сакавіка. Ён сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, палітычных партыяў, грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі.
Сёння спецпрадстаўнік ЕС сустрэнецца са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам і абмяркуе развіццё дыялогу па правах чалавека.
10 сакавіка Стаўрас Ламбрынідзіс прыме ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання, якая пройдзе ў мінскім гатэлі “Рэнесанс”. Мерапрыемства арганізаванае прадстаўніцтвам ААН у Беларусі пры фінансавай падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі. Удзельнікамі канферэнцыі таксама стануць спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, старшыня камітэту па замежных справах Палаты дэпутатаў Чэхіі Карэл Шварцэнберг, амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, прадстаўнік ПРААН ў нашай краіне Санака Самарасінха і шэраг замежных экспертаў.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе дагэтуль выкарыстоўваецца смяротная кара. З гэтай прычыны Беларусь таксама з’яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы.
За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 смяротных прысудаў, прычым два апошнія — сёлета. Адзін з іх быў вынесены 15 лютага, у дзень зняцця Еўрасаюзам санкцыяў у дачыненні Беларусі, хоць у адпаведным рашэнні Савета ЕС асобным радком прапісана ўвядзенне мараторыя на смяротную кару як першага кроку да яе адмены, нагадвае БелаПАН.