У Мінск 26 чэрвеня прылятае прэзідэнт В'етнама з афіцыйным візітам

Сёння ў Беларусь прыбывае з афіцыйным візітам прэзідэнт В'етнама Чан Дай Куанг. Праграма яго візіту разлічаная на 26-28 чэрвеня.
27 чэрвеня адбудуцца перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Чан Дай Куангам у Палацы Незалежнасці, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі. Перамовы пройдуць як у фармаце "сам-насам", так і ў пашыраным складзе з удзелам чальцоў дэлегацыі. Плануецца, што бакі абмяркуюць увесь комплекс пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Галоўнай тэмай перамоваў называецца гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне.
Па выніках сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў мяркуецца падпісаць пакет дакументаў аб пашырэнні супрацоўніцтва ў розных сферах.
Таксама ў аўторак Лукашэнка і Чан Дай Куанг прымуць удзел у адкрыцці Беларуска-в'етнамскага бізнес-форуму.
Акрамя таго кіраўнік В'етнама правядзе перамовы з кіраўніцтвам урада Беларусі і Нацыянальнага сходу, сустрэнецца з прадстаўнікамі в'етнамскай дыяспары і студэнтамі, наведае шэраг беларускіх прадпрыемстваў і культурных аб'ектаў.