У Літве знішчылі 7 тон шакаладных цукерак, якія везлі ў Беларусь

Знішчаныя ў Літве шакаладныя цукеркі / Lietuvos muitinė
У Клайпедскім марскім порце літоўскія мытнікі знішчылі 7 тон падробленых шакаладных цукерак з надпісам "DEFFERO". Дызайн упакоўкі і надпісы былі ідэнтычныя прадукцыі вядомага брэнда "FERRERO S. P. A.".
Мытнікі западозрылі, што гэта можа быць кантрафактная прадукцыя. Яны затрымалі шакаладныя цукеркі і пачалі расследаванне, паведамляе DELFI.
У транзітнай дэкларацыі было пазначана, што тавар выраблены ў Кітаі. Прадаўцом партыі цукерак была пазначаная балгарская кампанія, а атрымальнікам — беларуская.
Клайпедскія мытнікі звязаліся з прадстаўніком уладальніка таварнага знака "FERRERO S. P. A.", і той пацвердзіў, што затрыманыя шакаладныя цукеркі былі вырабленыя з парушэннем правоў інтэлектуальнай уласнасці. Кампанія FERRERO запатрабавала знішчыць кантрафактную прадукцыю.
Мяркуецца, што калі б затрыманы тавар трапіў на рынак і прадаваўся як арыгінальная прадукцыя, яго кошт дасягнуў бы 282 тысяч еўра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.