У Літве не выключаюць, што з Беларусі праз мяжу праляцеў не дрон

Раймундас Вайкшнарас

Раймундас Вайкшнарас / LRT

У Літве не выключаюць, што ў панядзелак на тэрыторыю краіны з Беларусі прыляцеў не дрон. Пра гэта заявіў галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Літвы генерал Раймундас Вайкшнарас.

"Правяраюцца розныя версіі, адна з якіх грунтуецца на апошнім магчымым следзе (...), дзе мог перамяшчацца неапазнаны аб'ект, і правяраліся некалькі тэрыторый. (...) Правяраюцца і іншыя версіі: знаходзіцца ён у Літве ці гэта поўны фэйк", заявіў Вайкшнарас у каментары радыё LRT у аўторак.

Ён не выключае, што ніякага дрона ўвогуле не было. Па словах генерала, цяпер апытваюць жыхароў, якія першымі ўбачылі ці пачулі дрон і паведамілі ў цэнтр дапамогі. "Бо на сённяшні дзень складваецца адчуванне, што пераважная большасць людзей не бачылі, [але] нешта чулі", — тлумачыць галоўнакамандуючы.

Каментуючы апублікаваныя кадры з пралётам дрона, Вайкшнарас назваў іх неадназначнымі і заявіў, што яны маглі быць знятыя ва Украіне.

"Былі пэўныя прыкметы таго, што, магчыма, тыя аб'екты, якія былі заўважаныя яшчэ на тэрыторыі Беларусі, верагодна, маглі прыляцець, але гэта магла быць і зграя птушак, і воблака, і іншыя метэаралагічныя з'явы", — дадаў ён.

У аўторак зранку літоўскія вайскоўцы аднавіла пошукі беспілотніка, які, як мяркуецца, прыляцеў у краіну з Беларусі суткі таму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.