Інфармацыю пра дрон атрымалі ад жыхароў — міністр абароны Літвы

Давіле Шакалене / LRT
Інфармацыю пра дрон, які прыляцеў у Літву з Беларусі зранку 28 ліпеня, перадалі ў паліцыю мясцовыя жыхары. У гэтым прызналася міністр абароны краіны Давіле Шакалене.
Яна зрабіла выснову, што для абароны патрабуецца больш сродкаў. "Сённяшні ранішні інцыдэнт, як мне здаецца, вельмі ясна пацвердзіў, што неабходна больш сродкаў. Нават пры вельмі шчыльным супрацоўніцтве з супрацоўнікамі сістэмы ўнутраных спраў мы сапраўды павінны мець больш эфектыўныя сродкі", — перадае LRT яе словы.
Шакалене не выключыла, што гэты дрон мог "заблукаць" з Украіны. "Без сумневу, з аднаго боку, вельмі радуе, што ўкраінская абарона здольная дэзарыентаваць дроны, якія накіроўваюцца ў іх бок. Але такія дроны са "спаленымі мазгамі“ могуць збіцца з курсу куды заўгодна — яны, вядома, адхіляюцца і да нас, і ў Польшчу, і ствараюць розныя наступствы", — падкрэсліла кіраўніца літоўскага ведамства.
Разам з тым яна дадала, што цяпер няма ніякіх падставаў лічыць прылёт дрона ў Літву наўмысным дзеяннем, якой-небудзь правакацыяй ці ўсвядомленым учынкам. Шакалене нагадала, што мінулай ноччу па Украіне адбылася маштабная атака, таму ёсць вялікая верагоднасць, што гэта адзін з дронаў, які збіўся з курсу.
Цяпер літоўскія службы правяраюць наяўную інфармацыю, а міністр заклікала не займацца здагадкамі, які менавіта аб'ект мог прыляцець у Літву. Міністр запэўніла, што ў раёнах, дзе мог зваліцца аб'ект, працуюць супрацоўнікі.
Паведамлялася, што прылёт дрона літоўцы заўважылі каля 5-й гадзіны раніцы. Ён ляцеў даволі нізка — на вышыні каля 200 метраў. Апошні раз яго заўважылі каля Вільні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.