У Лельчыцах шукаюць эксгібіцыяніста, які чапляецца да дзяўчынак
Апошні раз яго бачылі 27 студзеня — мужчына напаў на дзвюх 12-гадовых дзяўчат.
Лельчыцкая міліцыя высвятляе асобу эксгібіцыяніста, які з 2013 году чапляецца да непаўналетніх дзяўчынак. Апошнім разам ён з’явіўся раніцай 27 студзеня каля школы №1 райцэнтру, якраз перад пачаткам заняткаў. Тады яго ахвярамі сталі дзве 12-гадовыя дзяўчынкі, інфармуе БелаПАН.
На выгляд яму 30-40 гадоў, каржакаваты, быў апрануты ў камуфляжную куртку і штаны, ездзіў на ровары. Усіх, хто мае звесткі пра гэтага зламысніка, просяць патэлефанаваць на лінію 102, на тэлефон дзяжурнай часткі Лельчыцкага РАУС або на мабільны 8-029-3238409.
За такія дзеянні прадугледжваецца арышт да шасці месяцаў або пазбаўленне волі ад аднаго года да трох гадоў.
Выпадкі эксгібіцыянізму нярэдкія ў Беларусі. Зусім нядаўна, у снежні аматар дэманстраваць свае полавыя органы на публіцы з’явіўся ў Гродне. Таксама ў Гродне год таму 17-гадовы эксгібіцыяніст напаў на настаўніцу. Летась за падобныя парушэнні затрымлівалі мужчын у Брэсце, Бярозе, Баранавічах.
Фота — newsru.co.il