У Гродне п’яны аматар азартных гульняў збіў дворніка

Нецвярозы наведнік гродзенскага гульнявога клуба збіў дворніка. Малады чалавек выйшаў з гульнявой установы на вуліцы Савецкай і вырашыў сарваць злосць на першым-лепшым чалавеку, якім і стаў дворнік. Выпадак адбыўся ў пачатку студзеня, паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкаму.

Дворнік прыбіраў тэрыторыю на сваім участку, калі сустрэўся з агрэсіўным маладым чалавекам. Той напаў на дворніка, адабраў у яго лапату, збіў ёй работніка камунальнай гаспадаркі, пераламаўшы яму руку. Падазраваны спрабаваў збегчы і аказаў супраціў міліцыянтам, якія яго затрымлівалі. Сваю агрэсію ён патлумачыў тым, што дворнік нібыта папрасіў у яго падзяліцца півам, з-за чаго і адбыўся канфлікт.

На маладога чалавека завялі крымінальную справу за асабліва злоснае хуліганства.