У Гомелі кадэтаў папярэдзілі пра адказнасць за парушэнне грамадскага парадку
"Прафілактычная гутарка" з кадэтамі / t.me/gomeloblsud/
Навучэнцаў Гомельскай кадэцкай вучэльні папярэдзілі аб "недапушчэнні здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў у сферы грамадскага парадку". Прафілактычную гутарку, у тым ліку і ў "мэтах выхаваўчага працэсу", з імі правяла суддзя Таццяна Волкава. Яна пераконвала юнакоў, што "ні адзін супрацьпраўны ўчынак не застаецца без пакарання".
А каб хлопцы і дзяўчаты не сумняваліся, у вучэльні правялі выязное судовае пасяджэнне. Разглядалася крымінальная справа аб хуліганстве. Што менавіта здзейсніў абвінавачаны, не ўдакладняецца. Суддзя Анастасія Грачышкіна аштрафавала яго на 1600 рублёў.