У беларускіх гарадах усталяваныя новыя тэмпературныя рэкорды

Шосты дзень запар у Беларусі фіксуюцца тэмпературныя рэкорды. У спісе гарадоў, дзе абнаўляюцца дзённыя максімумы, нязменна фігуруе Віцебск, паведамляе БелаПАН. 24 снежня паветра прагрэлася тут да 6,6 градуса цяпла (5,7 градуса было ў 2006 годзе).
Таксама тэмпературныя рэкорды зафіксаваныя ў Мінску (6,8 градуса супраць 6,5 у 2006 годзе) і ў Магілёве (6,8 супраць 6,5 у 1960 годзе).
Цяплей за ўсё было ў Васілевічах — 9,1 градуса вышэй за нуль. Папярэдні рэкорд дня ў гэтым горадзе Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці складаў 8,2 градуса (1960 год). Для паўтарэння рэкорда дня ў маштабах краіны не хапіла 0,1 градуса (9,1 градуса ў Брэсце 24 снежня 2010 года).
Напярэдадні ў краіне быў зафіксаваны тэмпературны рэкорд дня (13,3 градуса), а ў сталіцы — новы абсалютны максімум снежня (11,1). Рэкорды былі пабітыя на ўсіх метэастанцыях.
Сёння дзённая тэмпература будзе паніжацца да плюс 2-7 градусаў, аднак невялікая верагоднасць новых рэкордаў застаецца.
Фота з архіву