У Беларусі пачасціліся цяжкія выпадкі клешчавога энцэфаліту

Клещ

Цяжкія формы клешчавога энцэфаліту могуць прыводзіць да інваліднасці / pixabay.com

Клешчавы энцэфаліт (КЭ) застаецца сур'ёзнай інфекцыйнай пагрозай для беларусаў, асабліва вясной і летам. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, колькасць захворванняў расце: у 2021 годзе зафіксавана 108 выпадкаў, у 2022 — 260, у 2023 — 368. За першае паўгоддзе 2024 года ўжо зарэгістравана 80 выпадкаў, і гэта толькі афіцыйная статыстыка.

“Белыя халаты” паведамляюць, што за апошні месяц у Беларусі павялічылася колькасць пацыентаў з цяжкім выпадкам хваробы. Асабліва неспрыяльная сітуацыя ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях.

Гэта звязана як з ростам колькасці кляшчоў, так і з пашырэннем арэалу іх распаўсюджвання: у 2020 годзе выпадкі фіксаваліся ў 30 раёнах, а ў 2022 годзе — ужо ў 48.

Асноўныя пераносчыкі інфекцыі — кляшчы відаў Ixodes ricinus і Dermacentor reticulatus. Медыкі заклікаюць выконваць меры засцярогі: пазбягаць прагулак у высокай траве без ахоўнага адзення і рэгулярна аглядаць цела пасля знаходжання на прыродзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.